У Сьледчым камітэце па горадзе Менску паведамілі, што справа Андрэя Бандарэнкі актыўна расьсьледуецца, і суд над ім будзе адкрытым.

«Прызначаная комплексная псыхоляга-псыхіятрычная і наркалягічная экспэртыза абвінавачанага. Ідуць допыты сьведак. Вядзецца актыўная праца. Мяркую, працэс будзе адкрытым».

Праваабаронцу Андрэю Бандарэнку пагражае да 7 гадоў зьняволеньня. Гэта максымальнае пакараньне паводле 3-й часткі 339 артыкулу пра злоснае хуліганства.

Паводле дадзеных Сьледчага камітэту па Менску, справа супроць Андрэя Бандарэнкі складаецца зь некалькіх эпізодаў. У тым ліку, у справе ёсьць эпізод, дзе Андрэй Бандарэнка нібыта ўдарыў жанчыну. Відэа гэтага эпізоду распаўсюджанае Сьледчым камітэтам разам з паведамленьнем пра зьмяшчэньне Андрэя Бандарэнкі пад варту. «У матэрыялах справы ёсьць і іншыя відэазапісы», — сказала Юля Ганчарова, але не ўдакладніла, чаго яны тычацца.

Тое, як сам Андрэй Бандарэнка камэнтуе выстаўленае яму абвінавачаньне: прызнае сябе вінаватым, прызнае часткова ці цалкам адмаўляе сваю віну — супрацоўніца СК абяцала высьветліць і паведаміць пра гэта пазьней.

На відэазапісе, які распаўсюджаны Сьледчым камітэтам, бачны падобны на Андрэя Бандарэнку чалавек, які сядзіць на лаве ў вэстыбюлі Кастрычніцкага РАУС. Там жа знаходзяцца дзьве жанчыны сярэдняга веку. Адна зь іх вельмі шчыльна набліжаецца да падобнага на Бандарэнку чалавека і здымае яго на фота — двойчы відаць успышкі. Раптам чалавек, не падымаючыся зь месца, нагой выбівае фотаапарат з рук жанчыны. Верагодна, пры гэтым ён зачапляе і яе твар. Потым мужчына штурхае нагой другую жанчыну, якая схілілася, каб падняць з падлогі часткі апарату. Ці на відэа сапраўды зьняты Андрэй Бандарэнка? Актывіст «Плятформы», былы палітвязень Мікіта Ліхавід мяркуе, што гэта ён:

Мікіта Ліхавід «Мяркую, так, гэта ён. І твар, і адзеньне, куртка ягоная. Як патлумачыць ягоныя дзеяньні на гэтым відэа? Ня ведаю. Мне 24 гады, яму 42. Як я магу патлумачыць дзеяньні чалавека, які настолькі за мяне старэйшы».

Мікіта Ліхавід сказаў, што да арышту Андрэя Бандарэнкі яму невядома было пра інцыдэнт у Кастрычніцкім райаддзеле міліцыі, які здарыўся 27 сакавіка. У «Плятформе» таксама нічога ня ведаюць пра жанчын, якія зьнятыя на відэа разам з Андрэем Бандарэнкам.

Ці можа быць тое, што здарылася з Андрэем Бандарэнкам, зьвяном у ланцугу правакацыяў супроць кіраўніка «Плятформы»? Супрацоўніца «Плятформы» Алёна Красоўская-Касьпяровіч згадвае пра ранейшы інцыдэнт з удзелам Бандарэнкі, які адбыўся 5 лютага:

Алёна Красоўская-Касьпяровіч «Я была сьведкам гэтага. Падышоў чалавек, папрасіў закурыць. Потым зьняважыў Андрэя, схапіўся за адзеньне. Узьнік інцыдэнт. Мы потым давалі тлумачэньні адносна гэтага здарэньня, і дагэтуль ніякіх вынікаў яго не было. Таму мы неяк зусім спакойна да яго ставіліся. Мы палічылі, што гэта было невялікай «падставай».

Увосень мінулага году Андрэй Бандарэнка адбыў 10 сутак арышту за арганізацыю пікету сваякамі загінулага на Валадарцы Ігара Пцічкіна. Ці быў ціск на Бандарэнку з таго часу? Паводле Алёны Красоўскай-Касьпяровіч, апошнім часам Андрэй Бандарэнка не казаў пра тое, што яму пагражалі:

«Напэўна, кожны чалавек, які займаецца працай, зьвязанай з раздражненьнем улады, мусіць разумець, што да яго ўвага будзе больш пільная. Мы разумелі, што могуць быць спробы нас ачарніць, справакаваць. Але тры гады адпрацавалі, і нічога такога не было», — паведаміла Алёна Красоўская-Касьпяровіч.

14 красавіка ў Андрэя Бандарэнкі дзень народзінаў. Сябры перадалі яму праз адваката заказаныя ім прадукты, кнігі, адправілі віншавальную тэлеграму. Што да інфармацыі пра тое, як ён ставіцца да абвінавачаньня, зьвестак пра гэта няма. Мікіта Ліхавід патлумачыў, што гэтага не паведамляе нават адвакат, бо яна зьвязаная падпіскай аб неразгалошваньні матэрыялаў справы:

«У гэтым сэнс падпіскі. Бо ад факту таго, прызнае ці не прызнае сваю віну, залежыць хада сьледзтва. Максымум, што адвакат можа сказаць, — што ён здаровы і добра сябе адчувае», — кажа Мікіта Ліхавід.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?