14 красавіка ў Мінску ў рамках MSK Fashion Week адкрылася выстава жывапісу, графікі, скульптуры і фатаграфіі мастакоў, якія працуюць у жанры ню, пад назвай Nude. Яе арганізатарамі выступілі Цэнтр сучасных мастацтваў і аўкцыённы дом «АртФорум».
У выставе бяруць удзел звыш трыццаці мастакоў, якія прадставілі больш за 140 работ, паведаміла куратар выставы Ала Нароўская. «Аголеная натура — гэтая тэма была актуальнай у мастацтве з самых старажытных часоў, — нагадала яна. — Мы бачым тут самыя розныя працы, пачынаючы ад вытанчаных Мікалая Бушчыка і заканчваючы эпатажнымі Дзмітрыя Сурыновіча, трохі агрэсіўнымі працамі Алеся Фалея. Але ў гэтым і сэнс прыгажосці жанчыны - ад уласцівых ёй боскіх рысаў да заганнасці. Я думаю, на нашай выставе прадстаўленыя рысы жанчыны як аб'екта натхнення».
На пытанне, ці не баіцеся вы «агрэсіўным» ню наклікаць гнеў камісіі па маральнасці, Ала Нароўская адказала: «Справа ў тым, што жанчына наша жыве ў соцыуме, які трохі агрэсіўны, і такою ж ён робіць жанчыну - гэта як рэфлекс яе самаабароны. Зрэшты, гэта права мастака - паказваць жанчыну такой, якой ён яе бачыць».