У Смаленскую абласную Думу зьвярнуліся прадстаўнікі Ўпраўленьня ўнутраных справаў вобласьці з просьбай удасканаліць заканадаўства. Праваахоўныя органы Смаленшчыны занепакоеныя ростам колькасьці правапарушэньняў, якія робяць беларускія грамадзяне, у асноўным жыхары памежнай Віцебшчыны, і якія потым уцякаюць ад адказнасьці з тэрыторыі Расеі.

Паводле інфармацыі Ўпраўленьня ўнутраных справаў Смаленскай вобласьці, з пачатку году ў рэгіёне зарэгістравана 25559 адміністрацыйных правапарушэньняў, якія ўчынілі замежныя грамадзяне. Зь іх 25103 учынілі беларусы, у асноўным жыхары памежнай Віцебскай вобласьці. Распавядае журналіст смаленскай абласной газэты «Рабочий путь» Дзьмітрый Раічаў:

«Упраўленьне ўнутраных справаў выдзеліла ў асобную катэгорыю менавіта беларусаў і зьвярнулася ў абласную Думу. Гэта афіцыйны дакумэнт, які быў унесены на разгляд Смаленскай абласной Думы Ўпраўленьнем унутраных спраў. А абласная Дума, у сваю чаргу, зьвернецца ў Дзяржаўную Думу, каб паміж Расеяй і Беларусьсю была падпісана міжнародная дамова, якой прадугледжвалася б распаўсюдзіць адказнасьць за адміністрацыйныя правапарушэньні, учыненыя ў Расеі, і на тэрыторыю Беларусі».

Найчасьцей беларусы парушаюць правілы дарожнага руху, правілы гандлю (прадаюць харчовыя тавары «зь зямлі»), зьдзяйсьняюць дробнае хуліганства, брыдкасловяць у грамадзкіх месцах у нецьвярозым стане. Бываюць і крадзяжы, рабаўніцтва. У асноўным парушальнікаў закону суды штрафуюць, аднак так званыя «гастралёры» штрафы ня плацяць. З прысуджаных амаль 2,5 мільёнаў расейскіх рублёў сплацілі толькі 514 тысяч, паведамляе смаленская газэта «Рабочий путь». Празрыстая мяжа паміж дзяржавамі дазваляе парушальнікам закону езьдзіць без праблем. І кожны асуджаны расейскім судом беларускі грамадзянін можа лёгка згубіцца. Смаленская міліцыя зьвярнулася ў абласную Думу з хадайніцтвам удасканаліць заканадаўства.

Супрацоўнік прэсавай службы Віцебскага абласнога ўпраўленьня ўнутраных спраў Аляксандар Казючыц кажа:

«Паміж Упраўленьнямі ўнутраных спраў Смаленскай вобласьці і Віцебскай вобласьці, на мясцовым узроўні такія дамовы ёсьць. Усё адно аштрафаваныя рана ці позна заплацяць гэтыя штрафы. Смаленскія міліцыянты запыт афармляюць на нас, на рэспубліку, і наша міліцыя іх шукае. Знайшла — прымусовыя захады выплаты штрафу».

Паводле інфармацыі прэсавай службы Віцебскага ўпраўленьня ўнутраных спраў, узаемадзеяньне паміж памежнымі праваахоўнымі ворганамі йдзе, кіраўнікі абедзьвюх абласьцей рэгулярна сустракаюцца і абмяркоўваюць агульныя праблемы.

Аднак беларускія праваахоўныя ворганы трывожаць адваротныя выпадкі, калі беларускія злачынцы хаваюцца ад правасудзьдзя ў Расеі. Так, 15‑гадовага забойцу з Лёзьненскага раёну Віцебскай вобласьці адшукалі ў Смаленску.

Іна Студзінская, Radio Free Europe / Radio Liberty

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0