Фанат мінскага «Дынама» быў затрыманы 11 красавіка ў Салігорску за нецэнзурную лаянку, а не за словы ў падтрымку Украіны.

Аб гэтым БелаПАН паведаміў прэс-сакратар УУС Мінскага аблвыканкама Аляксандр Данільчанка. Так ён пракаментаваў паведамленне на сайце belultras.by.

Паводле інфармацыі партала, 11 красавіка ў Салігорску падчас футбольнага матча «Шахцёр» (Салігорск) — «Дынама» (Мінск) у сярэдзіне першага тайма ў сектары фанатаў мінскага клуба пачалася пераклічка «Слава Украіне, героям слава». Да сектара былі сцягнутыя дадатковыя сілы АМАПа, а пасля матча міліцэйскі спецназ затрымаў аднаго з тых, хто пачаў пераклічку.

За яго заступіліся двое фанатаў «Дынама», якіх таксама затрымалі і даставілі ў міліцыю. У дачыненні да ўсіх трох былі складзены адміністрацыйныя пратаколы за хуліганства і супраціўленне пры затрыманні. «Чалавеку, які заражаў пераклічку «Слава Украіне, героям слава», далі трое сутак і 3,5 мільёна штрафу. Астатнім удзельнікам інцыдэнту пагражаюць штрафы не менш чым 3 мільёны», — гаворыцца ў паведамленні на сайце belultras.by.

Прэс-сакратар УУС Мінаблвыканкама Аляксандр Данільчанка пацвердзіў, што інцыдэнт меў месца, але яго трактоўка фанатамі не адпавядае рэчаіснасці. Паводле яго слоў, пачынаў пераклічку не адзін балельшчык, а некалькі, а скандавалі яе чалавек 400.

«Калі б правапарушэнне заключалася ў гэтым, што, неабходна было затрымліваць некалькі соцень балельшчыкаў?» — здзіўлены прадстаўнік УУС.

Паводле яго інфармацыі, адзін з найбольш актыўных фанатаў быў затрыманы на выхадзе са стадыёна за гучную нецэнзурную лаянку, пры гэтым аказаў супраціўленне.

За яго заступіліся двое балельшчыкаў, таму і яны былі дастаўлены ў міліцыю. У дачыненні да ўсіх трох склалі пратаколы аб адміністрацыйных правапарушэннях па арт. 17.1 (дробнае хуліганства) і 23.4 (непадпарадкаванне законнаму распараджэнню або патрабаванню службовай асобы пры выкананні ёю службовых паўнамоцтваў) КоАП. Двое «заступнікаў» згадзіліся з абвінавачаннямі і былі адпушчаныя. Той, за каго заступаліся, — не. Яго затрымалі, памясцілі ў ІЧУ, дзе ён да 14 красавіка чакаў суда. Па рашэнні суда Салігорскага раёна малады чалавек быў аштрафаваны на 22 базавыя велічыні.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?