«Падтрымліваючы сёння праеўрапейскі выбар украінскага народа, вы падтрымліваеце заўтрашні дзень Беларусі!» — адзначаецца ў адкрытай адозве Беларускага камітэта салідарнасці з Украінай.

«Памятайце, што толькі новыя ўкраінскія ўлады могуць і будуць гарантаваць нацыянальным меншасцям, сярод якіх беларусы Украіны стаяць на трэцім месцы па колькасці, захаванне сваёй нацыянальнай самабытнасці і гістарычных каранёў», — упэўненыя аўтары звароту. 

Прадстаўнікі камітэта адзначаюць, што Украіна «вызвалілася з-пад прыгнёту трох імперый, выжыла, выпрацаваўшы сваю унікальную форму ідэнтычнасці». «Украінскія землі рыхтавалі да захопу праз Януковіча, які давёў краіну да нябачанай карупцыі, беспрацоўя і крадзяжу, але Майдан расплюшчыў вочы ўсёй ўкраінскай нацыі. Імперскія ж колы Расіі працягваюць спробы захаваць свой уплыў і выступаць пастухом украінцаў, дэстабілізуючы становішча ў паўднёва-ўсходніх абласцях Украіны, падтрымліваючы патрабаванні федэралізацыі краіны і зрываючы прэзідэнцкія выбары», — падкрэсліваецца ў адозве. 

У адказны момант сваёй найноўшай гісторыі ўкраінскі народ «паказаў усяму свету, што ён жадае сам кіраваць сваёй дзяржавай, ведучы яе да дэмакратычнай будучыні. Шляхоў толькі два: альбо назад у новае прарасійскае гета, альбо на еўрапейскі прастор, каб «людзьмі звацца».

Аўтары звароту заклікаюць беларусаў Украіны быць сумленнымі перад сабой і адказаць на пытанне, з кім яны: «з сумленным і гераічным украінскім народам або са злачыннай і карумпаванай бандай, якая спрабуе захаваць уладу ва Украіне праз здраду нацыянальным інтарэсам дзяржавы».

«Беларусы Украіны, мы верым, што ваш выбар будзе абапірацца на гістарычную памяць беларускай нацыі і стане выбарам вашых гонару і годнасці», — падкрэсліваецца ў адозве.

Беларускі камітэт салідарнасці з Украінай створаны ў сакавіку 2014 года. У яго склад увайшлі некалькі дзесяткаў чалавек, у тым ліку вядомыя палітыкі і грамадскія дзеячы Павел Севярынец, Аляксей Марачкін, Аляксей Янукевіч, Зміцер Дашкевіч, Ігар Рынкевіч, Ганна Шапуцька і іншыя.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?