30.04.2014 / 08:42

Рэстаран «Беларускі пекар» адкрылі ў штаце Місуры 8

Беларускую кухню можна пакаштаваць у невялікім амерыканскім горадзе Хігінсвілі ў штаце Місуры. Рэстаран The Belarusian Baker, што ў перакладзе значыць «беларускі пекар», трымае сям’я Кордэраў: беларуска Наталля і яе муж Пол.

Наталля апынулася ў ЗША, калі пабралася шлюбам з пастарам Полам. Яна яшчэ ў Мінску працавала пекарам. «Я вельмі сумавала па нашых стравах, калі пачала жыць у Канзасе. Мне не падабаліся амерыканскія тарты — проста салодкая маса. Таму я пачала гатаваць, пекчы. А калі ў нас з Полам нарадзіўся сын, я цалкам перавяла сям’ю на хатнюю ежу».

 Уласны бізнэс Наталля адкрыла ў 2011­м: «У той год Пол згубіў працу, і мы пераехалі ў Місуры. У маленькім горадзе было цяжка ўладкавацца. Мой муж таксама добра гатуе, і мы вырашылі распачаць уласную справу.

Мы знайшлі стары дом з цікавай архітэктурай, дзе і адкрылі кавярню. Гэта было напярэдадні Калядаў, і многія прыходзілі да нас і прасіліся арганізаваць вечарыну з паўнавартасным абслугоўваннем. Так кавярня стала рэстаранам».

Цяпер «Беларускі пекар» карыстаецца папулярнасцю сярод мясцовага насельніцтва і займае высокую пазіцыю ў рэйтынгу рэстаранаў штата.

Наталля кажа, што ніякага сакрэту няма: у рэстаране яна гатуе таксама, як і дома. Справа ў тым, што амерыканцы зусім адвыклі ад хатняй ежы: «Нават у многіх амерыканскіх рэстаранах ежа часцяком гатуецца з паўфабрыкатаў. У нас усё гатуецца са свежых прадуктаў».

Хоць меню рэстарана збольшага складаюць традыцыйныя амерыканскія стравы, Наталля гатуе і беларускую ежу: «Найбольш папулярны боршч. Амерыканцы завуць яго «вадкай салатай». Узімку я гатую гарачы суп, а ўлетку — халаднік. Людзі каштуюць, ім падабаецца, і яны спрабуюць прыгатаваць боршч дома па рэцэптах з інтэрнэта. Аднак у іх няма досведу прыгатавання буракоў, таму боршч не ўдаецца, а людзі становяцца сталымі кліентамі рэстарана».

«Асноўнымі наведвальнікамі «Беларускага пекара» з’яўляюцца пенсіянеры, — кажа Наталля.

— Радуе, што апошнім часам прыходзіць больш моладзі. Аднак бывае, што завітваюць беларусы, якія адмыслова прыязджаюць у рэстаран з «роднай» назвай. Яны абураюцца, што не знаходзяць у меню традыцыйнай беларускай кухні. Такім кліентам я кажу: «Замаўляйце, што хочаце, — я прыгатую».

 Кірыла Хілько

0
Несцераў / Адказаць
30.04.2014 / 09:05
Belarusian, не Belarussian. Пара-бы ўжо, жывучы ў штатах, навучыцца глядзець у слоўнік.
0
белорус / Адказаць
30.04.2014 / 09:30
Ты сам в словарик загляни или гугл в помощь!!! Belarussian - это тоже правильно будет.
0
Несцераў / Адказаць
30.04.2014 / 09:58
У мяне зараз перад вачыма разгорнуты Оксфардскі слоўнік амерыканскай англійскай мовы. DERIVATIVES Belarusian noun & adjective Усё, без варыянтаў.
Паказаць усе каментары/ 8 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру