Сёння з ініцыятывы польскага боку адбылася тэлефонная размова Аляксандра Лукашэнкі з прэм'ер-міністрам Польшчы Дональдам Тускам.

Абмяркоўвалася развіццё міжнароднай абстаноўкі ў сувязі з падзеямі ва Украіне, паведамілі ў прэс-службе Лукашэнкі.

Прэм'ер-міністр Польшчы Дональд Туск пацвердзіў журналістам, што цягам апошніх некалькіх гадзін размаўляў пра сітуацыю ва Украіне з Аляксандрам Лукашэнкам, а ўчора — з прэм'ер-міністрам Украіны Арсенем Яцанюком і кіраўніком Еўракамісіі Жазэ Барозу. Туск мае намер ўвечары паразмаўляць таксама з кіраўніком НАТА.

«Па некалькі гадзін размаўляў з маімі партнёрамі пра сітуацыю ва Украіне і пра тое, што можа адбыцца літаральна на працягу некалькіх дзён, учора — перамовы з прэм'ер-міністрам Канады Стывенам Харперам, кіраўніком Еўрапейскай камісіі, прэм'ер-міністрам Украіны Арсенем Яцанюком, сёння была размова з прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь — першая такога тыпу размова, але выклікана яна драматычнай сітуацыяй ва Украіне», — сказаў Туск.

«З гэтых размоваў вынікае, што бліжэйшыя некалькі дзён стануць ключавымі і што вельмі складана сёння гаварыць пра аптымістычны сцэнар. Усе мы, разам з маімі суразмоўцамі і іншымі партнёрамі, будзем старацца прадухіліць чорны сцэнар», — сказаў сёння прэм'ер-міністр Польшчы.

Цікава, што паведамленне пра тэлефонную размову Лукашэнкі і Туска пазней знікла з сайтаў агенцтва БелТА і «Інтэрфакс». Імаверна, беларускае кіраўніцтва палічыла немэтазгодным, каб інфармацыя пра размову з прэм'ерам Польшчы трапіла ў беларускія масавыя СМІ.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0