Аргкамітэт Сацыяльнага маршу большасьцю галасоў прыняў рашэньне: 4 лістапада а 12‑й пасьля збору на пляцоўцы ў будынка Прэзыдыюму акадэміі навук дэманстранты пройдуць у кірунку Бангалор, дзе ў парку Дружбы народаў адбудзецца мітынг.

Такі фармат мітынгу дазволены Менгарвыканкамам. Тым ня менш, арганізатары акцыі маюць намер сустракаць узельнікаў акцыі а 12‑й і на Кастрычніцкай плошчы сталіцы, якія могуць прыйсьці сюды.

Як паведаміў Хартыі’97 лідэр Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька, за правядзеньне мітынгу на Бангалоры выступілі кіраўнікі Партыі камуністаў беларускай — дзейнасьць якой часова прыпынена Вярхоўным судом — Сяргей Калякін і Валер Ухналеў, прафсаюзны лідэр Аляксандар Бухвостаў, частка актывістаў БСДП Г, у тым ліку генэрал Валер Фралоў. Сам Анатоль Лябедзька ісьці на Бангалор не зьбіраецца.

Сёньня на тым жа паседжаньні быў прыняты «зварот да беларусаў напярэдадні Сацыяльнага маршу, дзе тлумачацца мэты і маршрут акцыі». Прыняты ў першым чытаньні тэкст рэзалюцыі удзельнікаў Сацыяльнага маршу.

Заўтра, 1 лістапада, а 12‑й на сядзібе Партыі БНФ мае прайсьці прэс‑канфэрэнцыя арганізатараў Сацыяльнага маршу.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0