ААТ «Банк развіцця Рэспублікі Беларусь» адкрые авіякампаніі «Белавія» крэдытную лінію ў аб'ёме 52 млн. долараў ЗША на набыццё новых паветраных суднаў. Дагавор аб адкрыцці крэдытнай лініі быў падпісаны 18 красавіка ў Мінску старшынёй праўлення Банка развіцця Сяргеем Румасам і генеральным дырэктарам ААТ «Авіякампанія «Белавія» Анатолем Гусаравым. 

Як паведаміў журналістам на брыфінгу Анатоль Гусараў, гаворка ідзе аб павелічэнні парку паветраных суднаў «Белавіа» шляхам набыцця двух самалётаў Embraer-195 LR. Пастаўка першага паветранага судна запланавана ўжо на 30 красавіка, а другі самалёт прыляціць у Мінск прыкладна 10 мая 2014 года. Набытыя самалёты прызначаны для перавозкі 107 пасажыраў у эканамічным (96 месцаў) і бізнес-класах (11 месцаў) абслугоўвання. Яны здольныя выконваць сярэднемагістральныя палёты на адлегласці да 4 тыс. кіламетраў з максімальнай крэйсерскай хуткасцю 980 кіламетраў у гадзіну. 

Паводле слоў Сяргея Румаса, крэдытны дагавор на $52 млн разлічаны на 10 гадоў з плывучай працэнтнай стаўкай, якая «ў любым выпадку не перавысіць 9% гадавых». Грошы «Банк развіцця» пачне пералічваць ужо на наступным тыдні. 

Абодва новыя самалёты будуць атрыманы «Белавія» непасрэдна ад завода-вытворцы — бразільскай кампаніі. На працягу першых 5-7 дзён пасля прыбыцця ў Мінск іх плануецца ўжо выкарыстоўваць у перавозках пасажыраў, аднак пакуль не прынята рашэнне, якімі менавіта стануць іх першыя рэйсы. У далейшым, як мяркуецца, самалёты будуць лятаць у тым ліку ў Франкфурт, Рым, Мілан, Маскву. 

Асноўны прагназаваны эфект праекта — стварэнне дадатковых правазных ёмістасцяў, якія дазволяць «Белавія» павялічыць частату палётаў на існуючых рэгулярных лініях і асвоіць палёты на новых напрамках. Запланаваны прырост авіяперавозак за кошт рэалізацыі праекта складзе 11%. Акрамя таго папаўненне парку паветраных суднаў паліўнаэфектыўнымі самалётамі будзе спрыяць зніжэнню ўдзельнага расходу авіяпаліва на адзінку паветраных суднаў. 

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?