Прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін падпісаў указ аб рэабілітацыі крымска-татарскага і іншых народаў Крыма, якія пацярпелі ад рэпрэсій. Пра гэта ён паведаміў 21 красавіка, адкрываючы пасяджэнне Дзяржсавета.

«Карыстаючыся нагодай, хацеў бы праінфармаваць калег аб тым, што мною падпісаны ўказ аб рэабілітацыі крымска-татарскага насельніцтва Крыма, армянскага насельніцтва, немцаў, грэкаў — усіх, хто пацярпеў падчас сталінскіх рэпрэсій», — сказаў Пуцін.

Паводле яго слоў, у гэтым жа ўказе прапісаны меры «па сацыяльна-эканамічным уладкаванні некаторых тэрыторый», якія ў апошнія гады і нават дзесяцігоддзі фактычна былі кінутыя і «юрыдычна ніяк не аформленыя».

На мінулым тыдні падчас прамой лініі Пуцін заявіў, што «крымска-татарскі народ сапраўды сур'ёзна пацярпеў у перыяд сталінскіх рэпрэсій, быў дэпартаваны з Крыма — са сваёй роднай тэрыторыі». «І мы, безумоўна, павінны зрабіць усё, што ад нас залежыць, каб працэс ўваходжання ў Расійскую Федэрацыю быў звязаны з рэабілітацыяй і аднаўленнем законных правоў і інтарэсаў крымска-татарскага народа», — падкрэсліў ён.

Прэзідэнт РФ нагадаў, што пасля далучэння Крыма да Расійскай імперыі ў 1783 годзе Кацярына II выдала ўказ, сэнс якога быў у наступным: крымскія татары будуць успрымацца Расіяй як уласныя грамадзяне з усімі вынікаючымі адсюль наступствамі, і будзе аддадзена поўная павага іх правам, іх рэлігіі. «Гэта была вельмі мудрая, правільная палітыка, — ацаніў Пуцін. — Менавіта такой палітыкі мы і маем намер прытрымлівацца ў наш час».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?