В.а. прэзідэнта Украіны, старшыня Вярхоўнай Рады Аляксандр Турчынаў прызначыў начальнікам Упраўлення Службы бяспекі Украіны ў Данецкай вобласці Валерыя Рудніцкага.
Тэкст адпаведнага указа змешчаны на афіцыйным сайце в.а. кіраўніка дзяржавы.
Валерый Рудніцкі нарадзіўся 27 верасня 1962 г. у Мінску. Скончыў Арджанікідзеўскае вышэйшае вайскова-каманднае вучылішча. Ва Унутраных войсках праходзіць службу ад 1979 года.
У чэрвені 2012 года быў прызначаны першым намеснікам начальніка Галоўнага ўпраўлення — камандуючага Унутранымі войскамі МУС Украіны.
Папярэднік Рудніцкага ў Данецкай вобласці — Валерый Іваноў — быў вызвалены ад пасады 12 красавіка, пасля таго, як у Славянску і Чырвоным Лімане ўзброеныя сепаратысты, якія называліся прадстаўнікамі народнага апалчэння Данбаса, захапілі гараддзел міліцыі і ўпраўленне СБУ. Прызначаны Іваноў на пасаду быў 5 сакавіка 2014 г..
Кіраўнік СБУ Валянцін Налівайчанка гэта вызваленне патлумачыў дасягненнем Івановым пенсіённага веку.