Замест пагроз Аляксандру Лукашэнку было б лепш правесці свабодныя выбары. Такую думку выказаў лідар кампаніі «Гавары праўду» экс-кандыдат у прэзідэнты Беларусі Уладзімір Някляеў, каментуючы сённяшнюю заяву кіраўніка дзяржавы.

Выступаючы з пасланнем да народа і парламента, Лукашэнка ў прыватнасці папярэдзіў, што любы заклік да перавароту будзе жорстка знішчаны ў зародку. «Усякі, хто заклікае да бунту, — гэта вораг не толькі ўлады, прэзідэнта, гэта ў першую чаргу вораг нашай краіны, нашага народа, гэта вораг адзінства нашага, а значыць, і незалежнасці Беларусі», — заявіў Лукашэнка.

Някляеў у сваю чаргу зазначыў: «Рэвалюцыя ўзнікае або не ўзнікае незалежна ад любых пагроз. Калі ствараюцца ўнутраныя ўмовы для рэвалюцыі, яна не глядзіць ні на якія пагрозы». На думку палітыка, беларуская Плошча па сутнасці адрозніваецца ад украінскага Майдана. «Каб не было выступленняў на Плошчы, Лукашэнку дастаткова зрабіць простую рэч, пра якую ён сёння чамусьці не кажа: яму трэба правесці справядлівыя выбары. І тады не трэба нікога палохаць, не трэба будзе нікога баяцца», — дадаў Някляеў. 

На думку намесніка лідара руху «За Свабоду» Юрыя Губарэвіча, заява Лукашэнкі адрасаваная не толькі апазіцыі, але і актыўнай частцы грамадства — «прадпрымальнікам, людзям бюджэтнай сферы, тым, хто незадаволены сваім жабрацкім становішчам у Беларусі».

Яшчэ адным адрасатам паслання, мяркуе Губарэвіч, з'яўляюцца «патэнцыяльна прарасійскія сілы»: «Не выпадкова Лукашэнка на першым этапе свайго паслання прысвяціў увагу пытанням незалежнасці Беларусі. Думаю, быў ясны пасыл, што ён разглядае сябе адзіным гарантам незалежнасці, што ён зробіць усё магчымае, каб не паўтарыліся падзеі кшталту ўсходнеўкраінскіх. Таму ён загадзя папярэджвае магчымых «зялёных чалавечкаў», актывістаў прарасійскіх структур, што стаўленне да іх дзеянняў будзе жорсткае». 

На думку палітолага Юрыя Чавусава, такімі выказваннямі за год да прэзідэнцкіх выбараў Лукашэнка спрабуе мабілізаваць сваіх выбаршчыкаў. Апрача таго, мяркуе палітолаг, такім чынам Лукашэнка даў зразумець, што будзе і далей кантраляваць сітуацыю ў краіне.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?