У Беларусі 22-27 красавіка праходзіць Еўрапейскі тыдзень імунізацыі «Імунізацыя для жыцця».

Як паведамілі ў санітарна-эпідэміялагічнай службе Мінска, акцыя накіраваная на павышэнне ўзроўню інфармаванасці насельніцтва аб неабходнасці абароны супраць інфекцыйных хвароб, перавагах вакцынапрафілактыкі.

На працягу тыдня ў паліклініках і стацыянарах кожны жадаючы можа атрымаць кансультацыю па вакцынапрафілактыцы ў спецыялістаў. У школах арганізуюць тэматычныя круглыя сталы, лекцыі, семінары. У сталіцы таксама пройдуць гарачыя лініі па пытаннях імунапрафілактыкі: у Мінскім гарадскім цэнтры гігіены і эпідэміялогіі 24 красавіка з 9.00 да 16.00 па тэлефоне (017) 292-40-25), 25 красавіка — у Гарадскім цэнтры вакцынапрафілактыкі з 13.00 да 15.00 па тэлефоне (017) 258-76-12.

Санслужба падкрэслівае, што да 2014 года завершана рэалізацыя «Канцэпцыі развіцця стратэгіі вакцынапрафілактыкі сярод насельніцтва Мінска на 2010-2013 гады». Прыцягненне дадатковых сродкаў з гарадскога бюджэту дазволіла забяспечыць ўкараненне імунізацыі супраць ветраной воспы і коклюшу ў складзе камбінаванай вакцыны. Стратэгія вакцынапрафілактыкі Мінска ўхваленая Міністэрствам аховы здароўя і рэкамендаваная для ўкаранення ў іншых рэгіёнах краіны. Вынікам яе рэалізацыі за 2010-2013 гады з'яўляецца папярэджанне больш за 540 тысяч выпадкаў вострых інфекцыйных захворванняў, у тым ліку звыш 12 тысяч патэнцыйна смяротных і смяротных выпадкаў.

Па дадзеных Сусветнай арганізацыі аховы здароўя (СААЗ), імунізацыя дазваляе штогод прадухіляць ад 2 да 3 мільёнаў выпадкаў смерці. «Гэта адзін з самых эфектыўных з пункту гледжання кошту відаў інвестыцый у ахову здароўя з праверанымі стратэгіямі, якія забяспечваюць даступнасць імунізацыі нават для самых цяжкадаступных і ўразлівых груп насельніцтва», — адзначаецца на афіцыйным сайце СААЗ.

Між тым, па дадзеных Міністэрства аховы здароўя, каля 1% бацькоў у Беларусі добраахвотна адмаўляюцца ад вакцынацыі дзяцей. У Мінску каля тысячы дзяцей не маюць ні адной прышчэпкі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?