Знакаміты храм Фару Вітаўта адновяць у Гародні з дапамогай тэхналогіі відэамэпінгу.

Пра гэта паведаміў начальнік галоўнай управы ідэалагічнай работы, культуры і спраў моладзі Гарадзенскага аблвыканкама Павел Скрабко. Знакаміты храм «намалююць» у начным небе 6 чэрвеня, у дзень адкрыцця Х Рэспубліканскага фестывалю нацыянальных культур.

Як патлумачыў галоўны рэжысёр фестывалю Уладзімір Сяргейчык, а 23.30 у скверы на Савецкай плошчы пачнецца цырымонія адкрыцця памятнага знака на месцы ўзарванай больш за 50 гадоў таму Фары Вітаўта. Аб'ёмныя выявы створаць проста ў паветры з дапамогай відэамэпінгу (3D-праектавання аб'ектаў з дапамогай спецыяльных камп'ютэрных тэхналогій). Тэхнічны бок арыгінальнай задумкі ўзялася правесці адна з гарадзенскіх кампаній.

Плануецца стварыць некалькі мадэляў храма, бо Фара Вітаўта за сваю гісторыю неаднаразова перабудоўвалася. Малюнкі будуць ствараць, абапіраючыся на дакладныя гістарычныя звесткі, малюнкі і фатаграфіі. Святыня паўстане перад гледачамі і як каталіцкі, і як праваслаўны храм. Вядучыя раскажуць гісторыю будаўніцтва і страты будынка. У пэўны момант цырымоніі адначасова загучаць званы галоўных дзейных храмаў Гародні. У цырымоніі возьме ўдзел хор Гарадзенскай капэлы ды іншыя харавыя калектывы, прагучаць царкоўныя спевы.

На месцы Фары Вітаўта ўсталююць скульптурную кампазіцыю ў выглядзе паўразбуранай аркі з памятным надпісам. Помнік вырабляе гарадзенскі скульптар Сяргей Більдзюк.

Фара Вітаўта была падарваная 29 лістапада 1961 года. Гэта быў самы вялікі храм Гародні. Яго пабудавалі на распараджэнне князя Вітаўта ў 1389 спачатку як драўляны, а пры Стэфане Баторыі, у ХVI стагоддзі, каталіцкая святыня стала мураванай. За сваю гісторыю касцёл не раз гарэў. Пасля пажару 1889 храм аднавілі як праваслаўны Свята-Сафійскі сабор. У 1918 годзе яго зноў вярнулі каталікам, храм дзейнічаў як гарнізонны касцёл. Перад знішчэннем будынак выкарыстоўваўся як склад.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?