Самага павярхоўнага погляду на беларускую палітыку досыць, каб зразумець, якое вялікае месца займае ў ёй спорт, які значны ўплыў на нашае жыцьцё маюць дасягненьні выбітных беларускіх спартоўцаў. Так, вяртаньне Максіма Мірнага ў першую сотню найлепшых ракетак сьвету натхніла паэтку Марыю Мартысевіч на зьмешчаны ніжэй верш. Прачытаўшы яго, я таксама глыбока задумаўся пра беларускі спорт, прычым — пра значнасьць і прыярытэтнасьць яго калектыўных, камандных відаў. Таму тое, што вы прачытаеце ніжэй, ёсьць супольным паэтычным праектам і прысьвечана менавіта парнаму тэнісу. Мы з маёй суаўтаркай прапаноўваем усім беларускім паэтам далучыцца да праекту «Парны тэніс» — разьбіцца на пары і напісаць па пары вершаў, так ці іначай зьвязаных між сабою, і тым самым узяць удзел у стварэньні новага, калектыўнага, каманднага віду паэзіі. (Магчыма, з часам такую забаву ўключаць у праграму алімпійскіх альбо паралімпійскіх гульняў.) Зусім не абавязкова пісаць менавіта пра тэніс, ёсьць шмат іншых сацыяльна значных тэмаў, якія дазволілі б нашым маладым паэтам выканаць свой грама¬дзянскі абавязак перад маладой беларускай дзяржавай.

АХ

    Марыя Мартысевіч. Мірны‑хоп

    І ўвесь сёньняшні вечар з вамі на корце — Макс Мірны.
    Рукі ягоныя — золата, пот яго — ладан і сьмірна.
    Прэс ягоны — тымпан, ногі яго — кіпарысы.
    Водар навокал — сандал, што з чрэслаў ягоных выпарыўся.
    Грудзі ягоныя — узвышшы гарналыжнага комплексу «Сілічы».
    У першых радах манэжу — людзі, якіх ён вылечыў,
    Вогнішчы зь іхных мыліцаў гараць у славу яму.
    Позірк ягоны ваду зараджае і дасьпявае хурму.
    Падача яго — кубамэтар газу ў беларускія вёскі…
    …І семдзесят пяць адсоткаў нябёсных анёлаў пяюць песьні боскія,
    І хірургі вяртаюць хабар, і бясплатна возяць таксісты,
    І школьнікі на экскурсіях шыхтуюцца парамі, як тэнісісты,
    І школьнікі са скаліёзам перастаюць сутуліцца,
    І Дэвіс п’е піва з кубка проста на вуліцы,
    І ўсе міс краіны спружыняць сьпінамі, нібы пантэры,
    І маладыя сем’і знаходзяць у чыпсах крэдыт на кватэры,
    І бэтэ трансьлюе ўручэньне Нобля ў простым этэры,
    І спадарожнікі не выбухаюць больш у стратасфэры,
    Калі ён выходзіць на хуткае пакрыцьцё,
    Імгненны, як сьмерць, прыўкрасьнейшы за жыцьцё.

***

    Андрэй Хадановіч. Мікст

    Зьбіраючы пары ў каўчэг, капітан быў, відаць, у сасіску —
    інакш запрасіў бы на борт беларускага тэнісіста і тэнісістку.
    На гэтай зямлі кожны сам за сябе, у сваёй пэрсанальнай аблудзе,
    а мірныя беларусы гавораць: «мы — парныя людзі!»
    Сусьвет на краі, ды яна — аптымістка, і ён — аптыміст,
    бо прывідна ўсё ў гэтым сьвеце, і ёсьць толькі мікст.
    Хай некаму хочацца ўсунуць два пальцы й даўжэй не вымаць іх з разэткі,
    ды ўсім, хто гаворыць, што выйсьця няма, яны кажуць, што ёсьць, і выходзяць да сеткі.
    Ён ня beauty і яна ня beauty,
    паасобку б’юць і б’юць і б’юць іх,
    ды калі яны ў пары,
    яны робяць удары,
    якіх не відаць на радары!
    Зірнуўшы на іншы бок корту са шкадаваньнем і лёгкай агідаю,
    ён падае і выходзіць да сеткі, нібыта нерат закідвае.
    Ён падае другую падачу й выходзіць да сеткі наперад,
    нібыта другі раз закідвае нерат.
    Ён бы і трэці закінуў — і шчэ невядома, што ў нерат бы трапіла,
    калі б ворагі не ўвялі супраць трэцяй падачы падступнае правіла.
    Яго мячык — як муха, што на ляту набывае вагу слана,
    асабліва калі ў кароткай сукенцы зь ім побач на корце яна.
    Ён ня beauty і яна ня beauty,
    паасобку б’юць і б’юць і б’юць іх,
    ды калі яны ў пары,
    яны робяць удары,
    якіх не відаць на радары!
    Хай зараз мільёны экранаў паказваюць іх паразу,
    мільёны пасьвечаных ведаюць: цуд не прыходзіць адразу.
    І голуб апусьціцца зь неба, нібы да каўчэга, і захвалююцца сьведкі,
    убачыўшы мячык для трэцяй падачы, — і нашы зноў выйдуць да сеткі.
    У гэтай гульні не бывае канца, кожны ўдар — гэта новы пачатак,
    і, паглядзеўшы на корт, нашы мальцы іначай глядзяць на дзяўчатак.
    І, ловячы позірк, дзяўчынка абуджаецца ад зімовае сьпячкі.
    Хоць мама гаворыць: «няма чаго тут лавіць», яна ловіць і прыносіць хлопчыку мячыкі.
    Ён ня beauty і яна ня beauty,
    паасобку б’юць і б’юць і б’юць іх,
    ды калі яны ў пары,
    яны робяць удары,
    якіх не відаць на радары!
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0