Сярод бясконцых пырскаў навін пра тое, што дзеецца ва Украіне, аднекуль збоку незаўважнай кропелькай даляцела інфармацыя пра таміфлю.

Для тых, хто не памятае, што гэта, нагадаю — адзіны паратунак ад свінога грыпу. Для тых, хто забыўся на свіны грып, нагадаю — гэта хвароба, ад якой паратунку няма.

Акрамя таміфлю.

Паведамленне, што прамільгнула колькі дзён таму, было вельмі суцяшальнае — ніякі не паратунак тое самае таміфлю. Нават шкодзіць. У лепшым выпадку плацэба, так бы мовіць, пустышка, разлічаная на дурняў.

Калі так, то гадоў пяць таму ў дурнях апынуўся ці не ўвесь свет.

Мо акрамя егіпцянаў, каторыя, як толькі гэтая пошасць — свіны грып — паказала сябе ашаломленаму чалавецтву, зарэзалі ўсіх сваіх свіней, ажно 250 тысяч галоў. Зарэзалі, зрэшты, не зусім дакладнае вызначэнне. Яны іх «…забівалі жалезнымі прутамі і яшчэ жывых зграбалі каўшамі бульдозераў…» Што праўда, ад грыпу гэта не выратавала, але са скваркай у хрысціянскай часткі егіпецкага насельніцтва відавочна з'явіліся праблемы…

Праблема скваркі, наколькі я дасведчаны, нам пры свіным грыпе не пагражала. Не пагражае і зараз, калі грыпу няма. Пагражае, хутчэй, адсутнасць гэтай праблемы: «вертыкаль» проста абрынецца без штодзённага пра нашу скварку клопату, а разгублены электарат забудзецца на тое, за каго трэба галасаваць.

Зрэшты, пакінем змрочныя футуралагічныя здагадкі і вернемся да лекаў з жыццесцвярджальнай назвай «Таміфлю». Якое ж было грамадскае ўзрушэнне — пошук усёмагутнага «Таміфлю»! Хто з-за мяжы, хто з чорнага хода… Адно слова — эпідэмія!

Эпідэмія страху.

Суседка па пад’ездзе, што па нейкіх неадкладных справах апынулася ў Польшчы, набыла ў першай, на якую натрапіла, аптэцы ажно тры ўпакоўкі — па колькасці яе малых дзяцей.

Дзяржава наша таксама разлічыла тады колькасць упаковак: набыла іх якраз столькі, каб адным пашанцавала не памерці, а іншым — памерці не ад грыпу.

Справядлівасць выбару паміж жыццём і смерцю гарантавалася гербавай пячаткай і трыма паважнымі подпісамі на рэцэптах, што выдаваліся ў выключных выпадках, — вось ён, сапраўды дзяржаўны, «жастачайшы» падыход! Ніякай панікі, ніякіх чэргаў у аптэках, ніякага дэфіцыту… Гэта пры савецкай уладзе быў дэфіцыт, на якім яна доўга трымалася, пакуль ад яго ж не абрынулася. Сёння ж на «няма» — і дэфіцыту няма.

У Польшчы, праўда, калі верыць прадбачлівай матулі, дэфіцыту таксама няма. Любыя лекі можна набыць свабодна. А калі па рэцэпце, то выключна з прынцыпу «не нашкодзь»…

У чым, аднак, розніца? У тым, думаю, што матулі ва ўсіх краінах аднолькавыя, а дзяржавы розныя. Адны клапоцяцца пра здароўе сваіх грамадзян, каб кожны, крый божа, не чхнуў. Іншыя — пра «стабільнасць», на карані вынішчаючы любы падазроны чых. У адных можна жыць вольна, хоць з рэцэптам, хоць без. У іншых — толькі па рэцэпце з гербавай пячаткай. А калі без рэцэпта, то выходзіць не жыццё, а проста свінства паміж людзьмі…

«Свіння! — раўла адна маладая жанчына другой, расчырванелая ад крыўды і злосці. — Гэта мая ўпакоўка! Я раней!»

Яны стаялі ў розных чэргах да двух акенцаў, пакуль у адным не скончыўся, а ў іншым не аказаўся апошнім безрэцэптурны, так бы мовіць, «Арпетол» — яшчэ адзін нібыта паратунак. «Свіння! — раўла адна жанчына, пакуль іншая моўчкі забірала свой «Арпетол». — Аддай! Я раней! У мяне дзіця інвалід!» І заплакала, мармычучы праклёны ўслед шчаслівай уладальніцы апошняга «Арпетолу».

Чарга, да таго моманту змрочна безуважная, таксама ўзбудзілася праклёнамі — хто на адрас чыноўнікаў ад медыцыны, што не забяспечылі, хто на адрас бізнэсоўцаў ад фармацэўтыкі, што ўзбагаціліся…

А я згадаў свой даўні дзіцячы плач.

…Мінск, ранішнія прыцемкі, канец снежня 1945 года. Мне ўжо чатыры, пайшоў пяты. Мяне падклікае да сябе муж сястры, я запіхваю ногі ў валёнкі, ледзь пападаю ў рукавы шубкі, матаю галавой у супраціве вязанай жаночай хусце, што туга зацягнута крыж-накрыж пад пахамі. Муж сястры нацягвае скураныя боты, накідвае шынель, мы сыходзім у двор і, слізгаючы па абледзянелай сцежцы паміж блакітнаватымі сумётамі, ідзём да дашчанае дрывотні, да хлеўчыка, дзе рохкае свіння. Я яшчэ не ведаю, але ўжо адчуваю, што мы ідзём яе забіваць. Але яшчэ болей адчувае гэта свіння: муж сястры толькі поркаецца з замком і ключамі, а віск ужо страшэнны… Ён забіў яе адным стрэлам з пісталета, я добра памятаю, як дымілася чорная дзірачка каля вуха…

Дарослыя супакоілі мяне толькі тым, што паміраць ад голаду страшней, чым забіваць. Такі быў прапанаваны выбар.

Цяпер памерці ад грыпу страшней, чым жыць па рэцэпце з гербам. Такі цяпер прапанаваны выбар. Па сутнасці, аніякі.

Што праўда, ёсць яшчэ выбар паміж жыццём па-свінску і па-людску.

Але гэта той выбар, які мы павінны зрабіць самі.

P.S. Сярод розных навукова-папулярных звестак пра свіны грып я нечакана выявіў такую: «…свінні, мажліва, былі інфіцыраваныя вірусам чалавека…»

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?