Алесь Карлюкевіч (справа), Лілія Ананіч, Мікалай Чаргінец.

Алесь Карлюкевіч (справа), Лілія Ананіч, Мікалай Чаргінец.

Алесь Бадак.

Алесь Бадак.

Алесь Карлюкевіч — дырэктар выдавецкага дома «Звязда» і галоўны рэдактар аднайменнай газеты, Алесь Бадак — намеснік дырэктара, галоўрэд часопіса «Нёман». Яны сталі лаўрэатамі міждзяржаўнай прэміі «Зоркі Садружнасці» за 2013.

Прэмія ўручаецца штогод за буйны ўнёсак і дасягненні ў галіне навукі і адукацыі, гуманітарнай дзейнасці, якія адпавядаюць ўзроўню сусветных дасягненняў і спрыяюць супрацоўніцтву краін СНД. Адпаведна, тры намінацыі: навука і адукацыя, культура і мастацтва, гуманітарная дзейнасць.

У кожнай намінацыі прысуджаюцца тры прэміі па 2 мільёны расійскіх рублёў (56 тысяч даляраў). Беларусы прэмію падзялілі між сабой, то бок па 28 тысяч даляраў.

За што ўручаюць такія сумы?

Бадака і Карлюкевіча адзначылі за рэалізацыю праекта па выданні кніжнай серыі на расійскай мове «Сугучча сэрцаў». У кожным томе з серыі (усяго 11 кніг) прадстаўлены мастацкія творы адной замежнай краіны (Малдова, Таджыкістан, Расія, Узбекістан…) і беларускіх аўтараў: усе пераклады, зразумела, па-расійску. Вартасць такіх кніжак сумнеўная. Можна зразумець, калі б яны рабіліся на нацыянальных мовах кожнай краіны. А так выданні скіраваны толькі на русіфікацыю.

Праект фінансаваўся Міністэрствам інфармацыі Беларусі. Між іншым, аўтарам ідэі і каардынатарам серыі з’яўляецца Лілія Ананіч, першая намесніца міністра інфармацыі, Карклюкевіч — старшыня рэдакцыйнай рады серыі, Бадак — укладальнік серыі.

Як адбываецца вылучэнне кандыдатаў на прэмію? Гэта робяць урады краін СНД альбо ўпаўнаважаныя імі органы. Затым праходзяць экспертызы высунутых работ. Ад кожнай краіны высоўваецца па адным кандыдаце на кожную намінацыю. Кандыдаты разглядаюцца Радай, у склад якой уваходзяць члены Рады па гуманітарным супрацоўніцтве дзяржаў СНД (РГС) і Праўленне Міждзяржаўнага фонду гуманітарнага супрацоўніцтва дзяржаў-удзельніц СНД (МФГС), а таксама па два чалавекі ад кожнай краіны — знаныя дзеячы навукі, адукацыі, культуры і мастацтва, грамадскія дзеячы. У складзе Рады працуюць тры групы — па намінацыях.

Ад Беларусі ў працы Рады бралі ўдзел Алег Праляскоўскі — міністр інфармацыі, старшыня Рады па гуманітарным супрацоўніцтве дзяржаў-удзельніц СНД, Барыс Святлоў — міністр культуры, член Праўлення МФГС, Сяргей Кілін — галоўны навуковы сакратар Акадэміі навук, Ігар Красноў — дарадца Пасольства Беларусі ў Расіі (беларуская група самая вялікая). Спансуе Міждзяржаўны фонд гуманітарнага супрацоўніцтва дзяржаў-удзельніц СНД.

Адметна, што ў мінулым годзе гэтую ж прэмію атрымаў старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі Мікалай Чаргінец. Яго адзначылі ў намінацыі культура і мастацтва. А Карлюкевіча многія называюць патэнцыйным наступнікам Чаргінца на пасадзе кіраўніка афіцыйнага Саюза пісьменнікаў.

Між іншым, у мінулым годзе арганізацыя ўвяла пасаду ганаровага старшыні. Мікалаю Чаргінцу, дарэчы, ужо 76 гадоў.

Карлюкевіч — адстаўны вайсковец. Ён займаецца краязнаўствам і піша дзіцячыя кніжкі. Да прыходу ў «Звязду» ён узначальваў холдынг «Літаратура і мастацтва», яшчэ раней — быў карэспандэнтам «Советской Белоруссіі», «Во славу Родіне», рэдактарам «Чырвонай змены» (пры ім яна спыніла выхад).

Бадак — паэт, аўтар шэрагу кніжак для дзяцей і падлеткаў. У 1990-х на яго словы выконвалі песні Аляксандр Саладуха, Анатоль Ярмоленка, Алеся. Пасля аб’яднання літаратурна-мастацкіх часопісаў і тыднёвіка ў холдынг, працаваў у яго структуры, а затым стаў намеснікам Карлюкевіча.

Прэмія «Зоркі Садружнасці» зацверджана ў 2009 РГС і МФГС. Раней лаўрэатамі з Беларусі станавіліся спявак Анатоль Ярмоленка, кампазітар Ігар Лучанок, калектыў навуковых супрацоўнікаў Аб’яднанага інстытута праблем інфарматыкі Акадэміі навук, калектыў дзіцячага адукацыйна-аздараўленчага цэнтра «Зубраня».

Між іншым, у галіне гуманітарнай дзейнасці лаўрэатамі былі жонка прэзідэнта Азербайджана Мехрыбан Аліева і жонка казахстанскага кіраўніка Сара Назарбаева.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?