У студзені—лютым 2014 года тавараабарот Беларусі з Украінай скараціўся на 17,1% у параўнанні з аналагічным леташнім перыядам, сведчаць звесткі афіцыйнай статыстыкі. 

У студзені—лютым гэтага года Украіна з'яўлялася другім па велічыні (пасля Расіі) гандлёвым партнёрам Беларусі. За першыя два месяцы гэтага года тавараабарот паміж Беларуссю і Украінай склаў 771,9 млн. долараў і знізіўся на 17,1% у параўнанні з аналагічным леташнім перыядам. 

Пры гэтым экспарт беларускіх тавараў ва Украіну за гэты перыяд склаўся на ўзроўні 554,4 млн. долараў і знізіўся на 9% у параўнанні са студзенем—лютым 2013 года. Разам з тым імпарт тавараў з Украіны склаў 217,4 млн. долараў і скараціўся ў параўнанні са студзенем—лютым 2013 года на 32,5%. 

У 2013 годзе тавараабарот Беларусі з Украінай склаў 6,25 млрд. долараў.

Па велічыні тавараабароту Украіна заняла другое месца ў спісе амаль са 180 краін, з якімі летась гандлявала Беларусь. 

У гандлі з Украінай Беларусь мае ўстойлівае станоўчае сальда, якое з'яўляецца вынікам таго, што беларускі экспарт (у 2013 годзе — 4,2 млрд. долараў) перавышае ўкраінскі імпарт (аб'ём паставак за 2013 год — 2,06 млрд. долараў). Амаль 70% беларускага экспарту ва Украіну ў 2013 годзе прыпалі на нафтапрадукты.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?