2 лістапада, у дзень традыцыйнага памінання нябожчыкаў, кіраўнікі місій Еўрапейскага Саюза ў Мінску, іх сем’і і іншыя чальцы дыпламатычнага корпусу ўскладуць кветкі і запаляць свечкі ва ўрочышчы Курапаты — адным з месцаў масавага пахавання ахвяр сталінскіх рэпрэсій.

Як адзначаецца ў паведамленні амбасады Славацкай Рэспублікі, якая выконвае функцыі мясцовага старшынства ЕС, «гэтым ціхім успамінам дыпламаты ушануюць 70‑ю надавіну піку рэпрэсій супраць бязвінных беларусаў, палякаў, рускіх, яўрэяў і людзей іншых нацыянальнасцяў Беларусі, якія страцілі свае жыцці або пераследваліся ў ХХ стагоддзі, аддаўшы таксама даніну памяці сваім родным нябожчыкам».

Нагадаем, 29 кастрычніка прадстаўнікі грамадскасці адзначылі Дзень памяці ахвяр сталінскіх рэпрэсій. Ён быў заснаваны грамадскім аргкамітэтам па ўвекавечанні памяці ахвяр сталінізму ў памяць аб падзеях 1937 года. Дэмакраты правялі ў Курапатах памятныя мерапрыемствы, аднавілі ва ўрочышчы Крыж пакут і лаву Клінтана. 28 кастрычніка ў сталіцы адбыліся шэсце і мітынг, прымеркаваныя да Дзядоў.

Радыё Рацыя

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0