18.05.2014 / 10:32

Праз дзесяць гадоў сям’я даведалася, што жыве ў кватэры незаконна 4

Правялі каналізацыю, зрабілі рамонт, а цяпер пакуюць рэчы.

 

Праўда, на вуліцу не пойдуць — дзе прытуліцца знайшлося.

Алена Завілейская з мужам і дзецьмі жыла на Грушаўцы — 2-я вуліца Шчорса. Аднапавярховы дом на пяць кватэр — здаўся яшчэ ў 1951 годзе. Цяпер такія баракі рушаць, а на іх месцы ўзводзяць шматпавярховікі. Каму шанцуе — атрымлівае кватэру ў навабудах як кампенсацыю. Алена з сям’ёй не надта і не прэтэндавала на бясплатную кватэру — разлічвала хаця б на часовае жытло. Але па парадку.

Кватэру ў бараку, як ведамаснае жытло, атрымала свякроў Алены. Жанчына працавала ў Мінскім зааветзабе. І ў 2003 там пасялілася Яніна Завілейская з сынам і нявесткай.

«На той момант мы вырашылі сваю жыллёвую праблему. І меркавалі, што пабудуем уласную кватэру — стаім у чарзе. Муж быў мантажнікам-аконнікам, узялі крэдыт, купілі цэх. Але трапілі ў крызіс — і да сёння выплачваем той крэдыт», — расказвае Алена.

Справа ў тым, што з 1982 года ў гэтым доме забаранілі прапісвацца новым жыхарам. А дзесяць гадоў таму ўвогуле паўстала пытанне са зносам. Меркавалася пабудаваць высотку на яго месцы.

«Засяліліся, пажылі і я пайшла да забудоўшчыка. Ён сказаў, каб нічога ў доме не рабілі. Я зацяжарыла, нарадзіліся дзеці. А на зносе дома паставілі крыж. Мы, маладыя і моцныя, тады ўпарадкавалі кватэру, зрабілі рамонт, правялі каналізацыю. Усё гэта, зразумела, з вуснага распараджэння дырэктара зааветзабу».

Вада была на кухні…

і ў ваннай.

А ў 2013 Мінгарвыканкам прыняў рашэнне пра знос. Зямлю пад забудову перадалі кампаніі «ЛадаГарант». І тут пачалася гісторыя з высяленнем. «Я была ў суседкі. Раптам са слязьмі бяжыць мая дачка:

«Мама, мама, у нас міліцыя — не хадзі туды». Там стаялі дырэктар зааветзабу, менеджар «ЛадыГарант», і чалавек у форме. Маёр мяне схапіў за руку: «Высяляйся! Ты незаконна тут жывеш!» Падлавілі, калі дома не было мужа. Дырэктар зааветзабу сказаў, што не ведае мяне. Маўляў, бамжы засяліліся. А ў нас стаяць пластыкавыя вокны, кветкі…

Я тады прыстрашыла, што выклічу міліцыю — вырвалася ад маёра. І напісала заяву ў РУУС, але ў дзеяннях міліцыянта не ўбачылі парушэнняў».

А пасля з’явіліся сацпедагогі. Толькі не са школы дачкі — з іншай. Алена іх не ўпусціла. Яна звязвае такі ціск з тым, што сям’я адразу не з’ехала з кватэры.

Высотку пачалі будаваць яшчэ да суда.

У студзені 2014 адбыўся суд, пра які Завілейскія даведаліся зусім выпадкова. Але не прапусцілі. Алена бачыць схаваны намер: каб ён прайшоў у іх адсутнасць. «А ў судзе на дакументах, перададзеныя зааветзабам для высялення маёй свякрыві і нас, чалавек, які нібыта іх падпісваў, не прызнаў свой подпіс. Жанчына дзесяць гадоў таму памятае калектыўны сход прафкама, але загад на кватэру падпісвала іншы». Ніхто не прыняў пад увагу: суд пастанавіў высяляць — маўляў, засяліліся самачынна, ды кватэру свякрові далі няправільна.

«Суд мог прызнаць права карыстання за намі. 10 гадоў мы пражылі — тэрміны іскавой даўніны мінулі. Нас папікалі, што не была заключана дамова наёму [дамова давала б права на атрыманне часовага жытла]. Але ў зааветзабу ж не было дакументаў на дом. А калі яны з’явіліся, нам нічога не сказалі», — абураецца Алена. І паказвае два тэхпашпарты. Адзін, стары, на момант іх засялення. Другі — ужо са зменамі ў планіроўцы. «Дырэктар зааветзабу атрымаў тэхпашпарт у 2012 па заяве 2011, а па замерах 2006 года. Зааветзаб проста не звяртаўся, каб унеслі змены раней. Яны чакалі, што будзе са зносам. Навошта атрымліваць у дом пад знос новы тэхпашпарт?» У Алены ёсць меркаванне на гэты конт, але гэта толькі здагадка. А жыллёвая ж праблема так і не вырашана за пятнаццаць гадоў, што муж стаіць у чарзе.

 

«Жылі як пры камунізме…»

«НН» звярнулася да дырэктара Мінскага зааветзабу Мікалая Іванішкіна пракаментаваць сітуацыю.

— Яны не плацілі, жылі — як пры камунізме. І хацелі далей так жыць. Карысталіся кватэрай, а ім жа ніхто не выдзяляў — давалі Яніне Завілейскай. Жылі яны дзесяць гадоў. Калі б там плацілі… Квартпалату мы ім не выстаўлялі — плацілі, так бы мовіць, на добрых пачатках — вываз смецця і ўсё такое. Недзе каля 8 тысяч у месяц. Дзе такое знойдзеш? Яны адмовіліся ад добраахвотнага высялення. Ёсць рашэнне суда.

З імі ніякая дамова не павінна была заключацца. У нас ёсць калектыўная дамова. Яны — члены сям’і Яніны Завілейскай. Яна іх засяліла, з намі не ўзгадніла. Ну жылі, а прыйшоў час — трэба вызваліць.

«НН»: Нельга было знайсці нейкі выхад для іх?

— Разумееце, гэта не ў маёй кампетэнцыі. Забудоўшчык ішоў на нейкія прапановы. Мне на сваю арганізацыю пабудаваць ім кватэру? Фінансавых магчымасцяў такіх няма, ды за што — яны да прадпрыемства адносінаў не маюць.

Калі мы сабралі прафкам на пасяджэнні адміністрацыі, я прасіў Яніну Леанідаўну прыйсці да нас — «Я не пайду, не буду з вамі размаўляць». Калі б мы ім пагражалі — ніхто ж іх не чапаў.

Ходзіць Алена з мужам па ўсіх інстанцыях. Як гэта зразумець? Тым больш, што я іх амаль не ведаю. За ўвесь час я іх бачыў на судзе некалькі разоў, ну, і можа да гэтага заходзілі. У нас няма з імі ніякіх адносінаў.

«НН»: Для чаго рабіўся новы тэхпашпарт, калі дом ужо падлягаў зносу?

— Каб узаконіць. Не можа пабудова існаваць без тэхпашпарта. Стары пашпарт быў з 1952 ці якога года — не памятаю. Таму і рабіўся іншы. Інфармацыю яны даюць неаб’ектыўна, на эмоцыях. Маё меркаванне: я б не ўвязваўся ў гэтую пісаніну — вы толькі скампраметуеце сваё выданне.

Сяргей Макарэвіч

0
Бенедзікт / Адказаць
18.05.2014 / 12:34
«НН»: Для чаго рабіўся новы тэхпашпарт, калі дом ужо падлягаў зносу? — Каб узаконіць. Не можа пабудова існаваць без тэхпашпарта. Стары пашпарт быў з 1952 ці якога года... ----------------------------------------------- Во, махляры! Маўляў - стары дакумант, таму не дзейнічае. Сьмеху варта. Ды і "суд" адпаведны, як і ўся рэжымная ўлада.
0
зааветзаб / Адказаць
18.05.2014 / 15:31
"Жанчына працавала ў Мінскім зааветзабе" Дзе працавала?
0
Мінак / Адказаць
19.05.2014 / 08:44
Дарэчы, дом на рагу Гурскага і Дзяржынскага, які доўга пратэставаў, ужо знеслі.
Паказаць усе каментары/ 4 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру