Некалькі хвілін таму, прыкладна ў 22:00, у Мінску быў затрыманы грамадскі актывіст, былы палітвязень Зміцер Дашкевіч.

Яго спынілі проста перад пад'ездам дома, дзе ён жыве, паведаміла НН яго жонка Наста Дашкевіч.

Спынілі, праверылі рэчы. Зміцер паспеў паведаміць пра гэта жонцы, выказаўшы меркаванне, што, верагодна, у судзе Першамайскага раёна Мінска атрымае адміністрацыйны арышт.

Магчыма, затрыманне звязана з тым, што Беларусь рыхтуецца да чэмпіянату свету па хакеі. Лукашэнка колькі тыдняў таму заклікаў правесці ЧС, які стартуе 9 мая, не дапусціўшы правакацый, з гэтай нагоды нават адбылося пасяджэнне Рады бяспекі.

Таксама на гэтым тыдні на суткі былі асуджаныя чатыры актывісты «Альтэрнатывы».

Магчыма, прэвентыўнае затрыманне звязана з Чарнобыльскім шляхам, што мае адбыцца ў суботу. Але Наста Дашкевіч зазначае, што Зміцер не збіраўся браць удзел у ЧШ.

Зазначым таксама, што 29 красавіка Мінск мае наведаць Уладзімір Пуцін, нярэдка грамадскіх актывістаў затрымліваюць напярэдадні візіту высокіх гасцей.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0