25.04.2014 / 13:15

Валер Кавалеўскі: Ці абароніць МЗС нацыянальныя інтарэсы? 4

22 красавіка Інстытут Кенана пры цэнтры Уілсана ў Вашынгтоне правёў мерапрыемства на тэму «Беларусь пасля Украіны». Што бывае рэдка, для ўдзелу прыехала група беларускіх спецыялістаў: Вольга Чарныш (Гарвардскі ўніверсітэт), Іна Рамашэўская (BIPART), Дзяніс Мельянцоў (BISS), Арсень Сівіцкі (Цэнтр стратэгічных і замежнапалітычных даследаванняў), а таксама эксперт па Беларусі Балаш Ярабік (PACT, ЗША).

Дыскусію наведаў новапрыбылы часовы павераны Беларусі ў ЗША Павел Шыдлоўскі, які змяніў на гэтым месцы Алега Краўчанку, вядомага сваёй пасіўнай пазіцыяй па пытаннях беларускай ідэнтычнасці.

Беларусь не мае паўнавартаснага дыпламатычнага прадстаўніцтва ў Злучаных Штатах. Па патрабаванні беларускага МЗС, Беларусь і ЗША ў 2008 годзе адклікалі паслоў і скарацілі штат да пяці дыпламатаў. З таго часу і амбасада Беларусі ў Вашынгтоне ў галіне палітычных дачыненняў выконвае пратакольна-дэкаратыўную функцыю.

Абмеркаванне пытанняў дзейнасці дзяржавы і грамадства Беларусі можна абагульніць сціслымі тэзісамі:

— пратэставы патэнцыял у Беларусі нізкі, Майдан не карыстаецца значнай папулярнасцю;

— уся палітыка распрацоўваецца ў Адміністрацыі прэзідэнта, урад знаходзіцца ў рэжыме чакання і, імаверна, захавае такую лінію;

— Лукашэнка падпіша пагадненне пра стварэньне Еўразійскага саюза, але на станоўчае вырашэнне пытання па цэнах на нафту разлічваць не варта.

Галоўнай тэмай былі наступствы для Беларусі агрэсіі Расеі супраць Украіны. Прадстаўнік BISS гаварыў аб новым акне магчымасцяў для развіцця дачыненняў Беларусі з краінамі Захаду. Гэта супярэчыла, аднак, словам самога Мельянцова, што эпоха балансавання Лукашэнкі паміж Расеяй і Захадам скончана, зараз можна казаць толькі пра балансаванне паміж «русским миром» і інтэграцыяй у ЕўрАзЭС.

На погляд BISS, каб умацаваць суверэнітэт, зараз варта накіраваць намаганні на стварэнне ў Беларусі сеткі інтарэсаў глабальных гульцоў: ЗША, ЕС, Кітая. У якасці такіх інтарэсаў былі названы, напрыклад, стварэнне кітайскага індустрыяльнага парка і продаж беларускіх прадпрыемстваў заходнім кампаніям. Акрамя таго, што перспектыва стварэння такой сеткі інтарэсаў пры ненадзейным Лукашэнку сумнеўная і патрабуе шмат часу, застаецца незразумелым, якім чынам гэта спыніць агрэсію Расеі і ці мае Беларусь час на падрыхтоўку.

Як звычайна, былі выказаны словы незадаволенасці тым, што Захаду няма чаго прапанаваць Беларусі на доўгатэрміновую перспектыву. Як звычайна, нічога не было сказана пра тое, што Беларусь можа прапанаваць Захаду, і што Лукашэнка можа зрабіць для нармалізацыі адносінаў з прагрэсіўнай і багатай на рэсурсы часткай міжнароднай супольнасці. Працягвае дзейнічаць пастулат часткі беларускіх аналітыкаў пра тое, што Лукашэнка і так добра ведае, што ад яго чакаюць, таму паўтарацца ня варта.

Галоўнае пытанне – ці стане Беларусь наступным аб'ектам для Расеі пасля Украіны – так і не абмяркоўвалася. Шыдлоўскі запэўніў, што афіцыйная Беларусь ставіцца да Украіны як да братэрскага народа.

Пагрозы для Украіны з боку Беларусі не будзе. Разам з тым, па словах прадстаўніка амбасады, у гэтым канфлікце Беларусь не выбірае сабе бок. Шыдлоўскі, аднак, не сказаў ні слова пра ганебнае галасаванне Беларусі супраць рэзалюцыі аб падтрымцы тэрытарыяльнай цэласнасці Украіны, якую прыняла Генеральная асамблея ААН. Гэтае галасаванне перакрэсліла прынцыповую пазіцыю Беларусі па асновах сучаснага міжнароднага права, у прыватнасці, павагі да прынцыпаў тэрытарыяльнай цэласнасці, неўмяшальніцтва ва ўнутраныя справы і суверэнітэта. Найбольш абуральна, што гэтае адступленне афіцыйнага Мінска ад сваіх уласных прынцыпаў адбылася ў той момант, калі самаму блізкаму для беларусаў народу патрэбна падтрымка і дапамога.

Дарэчы, да гэтага моманту міністр замежных спраў Уладзімір Макей пазбягае патлумачыць асабіста, чаму галасаванне ў ААН так наўпрост супярэчыла яго ўласнай заяве ў лютым аб зацікаўленасьці Беларусі ў тэрытарыяльнай цэласнасці Украіны. Афіцыйныя заявы на ўзроўні міністра не абвяргаюцца проста так і тым больш без уцямлівых і пераканаўчых тлумачэнняў.

Такая непаслядоўнасць у дзеяннях, адсутнасць відавочнай логікі і яснай пазіцыі дазваляе зрабіць выснову, што афіцыйны Мінск знаходзіцца пад значным ціскам Масквы. Для Пуціна аперацыя супраць новай Украіны – лёсавызначальная і ён не спыніцца перад тым, каб скарыстацца ўсімі наяўнымі інструментамі, каб дамагчыся выніку. Невядома, дзе знаходзіцца тая мяжа, калі Макей і яго міністэрства скажуць Адміністрацыі прэзідэнта «Стоп», далей мы саступаць не маем права, гэта супярэчыць Канстытуцыі, нацыянальным інтарэсам Беларусі і нормам міжнароднага права і паводзінаў краін.

Да гэтага часу МЗС Беларусі пакорна служыла маўклівым саўдзельнікам дэструктыўнай антынацыянальнай замежнай палітыкі Лукашэнкі. Працяг такой бязвольнай пазіцыі па пытаннях, наўпрост звязаных з лёсам краіны, прывядзе да таго, што самая незалежніцкая дзяржустанова сваімі рукамі падпіша акт аб інкарпарацыі Беларусі ў склад Расеі.

Скрыўленую замежную палітыку Беларусі эпохі рэжыма Лукашэнкі можна было б назваць жартам, калі б не сур'ёзныя наступствы для суверэнітэта дзяржавы і незалежнасці краіны.

На працягу апошніх гадоў усе палітычныя рашэнні і дзейнасьць дзяржаўнага апарата, уключна з МЗС, былі накіраваныя на выкананне адной і толькі адной задачы — захаванне ўлады для Аляксандра Лукашэнкі. Пастаяннае дзеянне гэтай формулы мае свае цяжкія наступствы. Той факт, што праз столькі гадоў пасля аднаўлення незалежнасці лёс Беларусі застаецца пад пастаяннай пагрозай, а права беларусаў вызначаць сваю будучыню кантралюе суседняя дзяржава з'яўляецца доказам няздольнасці рэжыма Лукашэнкі і яго дыпламатыі адстойваць палажэнні Канстытуцыі і нацыянальныя інтарэсы краіны.

Валер Кавалеўскі, Цэнтр ініцыятыў для Беларусі, Вашынгтон, ЗША

0
correct / Адказаць
25.04.2014 / 14:01
Балаж Ярабик
0
everest / Адказаць
25.04.2014 / 14:09
Ў дачынен'ні да Беларусі НАТА варта б пам'ятаць тэзіс Пуціна пра тое, што: "Мы опередили американцев и первыми ввели свои войска в Крым." Гэта jос'ць тэма для роздуму, але нядоўгага....
0
Valkyrja / Адказаць
25.04.2014 / 20:17
@Па патрабаванні беларускага МЗС, Беларусь і ЗША ў 2008 годзе адклікалі паслоў і скарацілі штат да пяці дыпламатаў...@ @... у гэтым канфлікце Беларусь не выбірае сабе бок. Шыдлоўскі, аднак, не сказаў ні слова пра ганебнае галасаванне Беларусі супраць рэзалюцыі аб падтрымцы тэрытарыяльнай цэласнасці Украіны, якую прыняла Генеральная асамблея ААН...@ > вось маркеры, якія характаразуюць самастойнасць і сутнасць рэжыму @...права беларусаў вызначаць сваю будучыню кантралюе суседняя дзяржава з'яўляецца доказам няздольнасці рэжыма Лукашэнкі і яго дыпламатыі адстойваць палажэнні Канстытуцыі і нацыянальныя інтарэсы краіны...@ > пра якую Канстытуцыю гаворка, калі Лукашэнка пачаў з канстутыйных парушэнняў? мяркую, што мерапрыемства суцэльнае бла-бла... ну хоць даведаюцца пра краіну Беларусь...
Паказаць усе каментары/ 4 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру