Беларускія навукоўцы распрацавалі матэрыял, па трываласці параўнальны з пракатнай сталлю. Пра гэта сёння журналістам паведаміў дырэктар дзяржаўнай навуковай установы «Інстытут парашковай металургіі», член-карэспандэнт Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Аляксандр Ільюшчанка.

Інстытут парашковай металургіі працуе ў галіне стварэння новага алмазнага інструмента, а таксама над распрацоўкай новых парашковых матэрыялаў з высокай шчыльнасцю і трываласцю. Адна з апошніх распрацовак — высакашчыльны парашковы матэрыял са шчыльнасцю на ўзроўні 7,65 г/см3.

«Дадзеная шчыльнасць набліжаецца да пракатных сталяў, а значыць, трываласць вырабаў з гэтага матэрыялу знаходзіцца на адпаведным узроўні. За кошт гэтага можна зэканоміць сродкі на вытворчасці высокатрывалых вырабаў для аўтатрактарнай прамысловасці», — сказаў Аляксандр Ільюшчанка.

Ён таксама адзначыў, што ў інстытуце адначасова выконваюцца даследаванні як мінімум па 30 навукова-даследчых праектах. Кожныя два гады праекты завяршаюцца і пераходзяць у прамыя гаспадарчыя дагаворы, кантракты або праекты дзяржаўных навукова-тэхнічных праграм, і ажыццяўляецца шырокае прамысловае асваенне.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?