Ехаць ранкам на ўсход, вочы у вочы з сонцам. Яно вісіць над дарогай, маючы неакрэсьлены спод, нібы абплаўлены ці не сфармаваны. Цябе не пакідае цікаўнасьць: гэта незвычайна вялікі барвовы шар у руках бярозаўскага гутніка, напалены знутры, але звонку не сьляпкі. Ён ад тваёй увагі пачынае хістацца: паглыбляцца ў зямлю, падскоквае нібы мяч, адплывае ўлева, затым пачынае вяртацца, заблытваецца ў хмызах і дрэвах. Але раптам імкліва зырчэе, хочацца схаваць вочы, добра што жоўта‑аранжавая гала адлятае зь відавоку.

Закончаная нанач кніга пра Борхэса, які не выклікае эмоцый, але пра такога пісьменьніка заўжды цікава пачытаць. Яму не далі Нобэлеўскую прэмію праз тое, што паляцеў падтрымаць Піначэта. А ён жа яе гэтак хацеў, лічыў і ведаў, што варты. Пахваліў Піначэта, той яго. Борхэс любіў хунты, любіў генэралаў і палкоўнікаў: шаблі, аксэльбанты, кукарды. Адно з Пэронам яны не сышліся, замест прыхільнасьці ўзьнікла антыпатыя. Халера! А Пэрон ажно тройчы браў у рукі Аргентыну! Такога ў жудасным сьне не прысьніцца. Простыя людзі яго любілі нібыта. А вось няпростыя — незаўжды.

У Горадзе‑героі трапляе ў рукі зноўку «Эвіта» Абэля Пасэ. Глядзеў жа калісьці экранізацыю. Хто там была — Мадона ў ролі жонкі Пэрона? І гэта яна сьпявала гэтую жаласьлівую песьню? Здаецца, у фільме любілі якраз яе, Эвіту, а ня мужа‑генэрала. Любоў простых людзей, яна гэткая цьмяная, блытаная, непрадказальная! Ай, ня буду браць «Эвіту», хаця Пасэ якасны пісьменьнік, ня браў раней і зараз ня буду, што мне да той Эвіты? А песьня гэтая папросту фантастычная — Don’t cry for me Argentina! Мне так падабаецца, як яе сьпявае Sinead O’Connor. Можна слухаць і слухаць. Так, сапраўды, самой жа Эвіты надоўга не хапіла, пра трэці тэрмін яна не даведалася…

А зараз зьвернемся да нашых бараноў: Горад‑герой стаў героем, памятаецца, пасьля раскруткі «Руіны страляюць», асабліва, зразумела, пасьля рэдкай для савецкіх часоў экранізацыі‑сэрыялу. О, вялікая моц мастацтва! Хаця Ільлічу потым нешта ўсё роўна не падабалася, ці часу не знаходзіў, каб прыехаць, прышпіліць ордэн да барвовага сьцягу. Цяпер кажуць: наш Пятро Міронавіч яму не падабаўся… А мо’ й праўда? Ён і сёньня не падабаецца, хоць усё падабаўся і падабаўся, і вельмі доўга. Можа з моды выйшаў папросту палітычнай? Сёньня свае героі нашага часу, маўляў.

У нашых рэспубліканскіх герояў савецкі гарт, у нашых падмурках — бітая сталінградзкая цэгла. Убачыш такую шыльду бронзавую сёньня і зьніякавееш: нават пры Саветах да гэтага не дадумаліся, адчуўшы мабыць цьмянасьць сымболю. Хіба ў «руінах, якія страляюць» было замала свайго друзу? У падмуркі кладуць звычайна, калі хочуць чагось адмысловага, капсулу зь лістом да нашчадкаў, прыкладам. Падазраю, зроблена шыльда з разьлікам на міжнародных экскурсантаў, што прыедуць у драўляны дом побач да камуністычных рэліквій‑муляжоў, які рамантуюць да нагоды. У нас тут поўны ажур: цэгла сталіградзкая, лінія сталінская, дух савецкі.

Так, і пры ўсім пры гэтым бібліятэка ХХІ стагодзьдзя! Напраўду Бабілёнская, па тыпу як у таго Борхэса… Надпісы на фасадзе на разнастайных мовах, рэстарацыя ўнутры інтэрнацыянальнай кухні. У яе падмурках арыштаваныя, а затым спаленыя, зьнішчаныя кнігі. У яе падмурках ненапісаныя раманы. У яе падмурках зьняважаная, пагарджаная да сёньня, напаўжывая мова. Нашая «бабілёнка»‑«ленінка» — савецкага імпэрскага ўзору. Калі параўнаць вялізны збор з кніжнай шафай: у ёй процьма кніжак на расейскай мове, некалькі на беларускай і па пары на іншых савецкіх мовах. Ці можа я памыляюся? Хацелася б.

Горада‑геройскі вечар: бібліятэчны гмах маўкліва самавыражаецца бісерам лямпачак, чырвона‑зялёным, што праплывае як наперадзе калёны тых, хто йдзе ў сёньняшняй грамадзе, затым зусім нечаканымі гулівэрскімі надпісамі пра месячнік пажарнай бясьпекі… Можна, канешне, на гэта не зважаць, можна засяродзіцца на кнігах, што схаваныя ўнутры. Што зробіш, сапраўдная беларуская бібліятэка аб’ектыўна ня можа быць гэткай аграмаднай, ня можа знаходзіцца ў Горадзе‑героі. Магчыма хіба дзесь у Лёндане толькі. Сьціплы беларускі кнігазбор.

Адзін генэрал звольніў Борхэса зь бібліятэкара, наступны генэрал прызначыў яго дырэктарам бібліятэкі, чакаць давялося доўга, пісьменьнік асьлеп і адно абмацваў фаліянты ў сваім гмаху са скарбамі. Сонца перастала для яго сьвяціць.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?