25 красавіка першы намеснік прэм'ер-міністра Беларусі Уладзімір Сямашка сустрэўся з дэлегацыяй Мазамбіка на чале з міністрам замежных спраў і супрацоўніцтва Алдэміра Балоем, паведамляе прэс-служба беларускага ўрада. 

«У Беларусі і Мазамбіка ёсць значны патэнцыял для ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва ў самых розных галінах, у першую чаргу ў сельскагаспадарчай і прамысловай вытворчасці, сферы адукацыі, — сказаў Сямашка. — У 2013 годзе тавараабарот паміж краінамі вырас у 3,4 разу, але абсалютная лічба (9,1 млн. долараў, у тым ліку экспарт 8,7 млн. долараў) вельмі малая. Мы можам павялічыць яе ў дзясяткі, а то і ў сотні разоў». 

Каля 24% ВУП Мазамбіка фарміруецца сельскагаспадарчай вытворчасцю — гэта прыярытэтная для краіны галіна. Першы віцэ-прэм'ер адзначыў, што Беларусь магла б забяспечыць сельскую гаспадарку Мазамбіка трактарамі — «адносна таннымі па сусветных мерках і пры гэтым надзвычай надзейнымі, якія адказваюць усім сучасным патрабаванням». 

Больш за тое, падкрэсліў Сямашка, у Беларусі вырабляецца ўся лінейка машын, механізмаў і абсталявання для сельскагаспадарчай вытворчасці — ад плугоў, сеялак да збожжа- і кормаўборачных камбайнаў. «Гатовыя паставіць гэту тэхніку ў Мазамбік, калі ёсць у гэтым неабходнасць», — запэўніў першы віцэ-прэм'ер. 

У кастрычніку 2012 года ў Мазамбіку зарэгістравана сумеснае прадпрыемства ТАА «БелАфрыка» (сузаснавальнікі AfriRent і ААТ «Прамагралізінг»), першыя пастаўкі тэхнікі ўжо ажыццяўляюцца. Сфарміраваны партфель на 30 млн. долараў. 

Сямашка лічыць, што гаворка можа ісці не толькі пра пастаўку сельскагаспадарчай, дарожна-будаўнічай, камунальнай тэхнікі, але і пра арганізацыю зборачнай вытворчасці. 

Ён лічыць мэтазгодным стварыць міжурадавую гандлёва-эканамічную камісію, якая б вызначыла найбольш цікавыя для абедзвюх краін праекты і прасоўвала іх. 

Міністр замежных спраў і супрацоўніцтва Мазамбіка адзначыў: «Беларусь — гэта краіна, прыклад з якой мы б хацелі браць». Паводле яго слоў, сельская гаспадарка складае аснову эканомікі Мазамбіка. Пастаўлена мэта перайсці ад дробнага фермерства да буйных камерцыйных сельгасугоддзяў. «Для гэтага нам патрэбныя навучаны персанал і новыя тэхналогіі — усё гэта ёсць у Беларусі, — падкрэсліў міністр. — Сярод сектараў, якія могуць вывесці краіну на больш высокі эканамічны ўзровень, — гандаль і сельская гаспадарка». 

Алдэміра Балой наведаў Мінскі трактарны завод і, як паведамляе прэс-служба беларускага ўрада, быў здзіўлены ўбачаным: «Адна справа — статыстыка, зусім іншае — ацаніць рэальныя аб'ёмы і рэальныя магчымасці прадпрыемства».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?