У Інстытуце журналістыкі БДУ размеркаванне. На ўваходзе адразу сустракаю дзяўчыну ў слязах — хацела пераразмеркавацца з Барысава ў Мінск.

«Я скончыла ў лютым. Мяне размеркавалі ў Барысаў. Паехала туды з нармальным настроем. Там папрасілі працаваць па выходных, заставацца пасля працы. Я сказала там, што збіраюся замуж. Яны паскардзіліся ва ўнівер. Я выйшла замуж, аднесла дакументы ва ўніверсітэт і сёння прыйшла на размеркаванне. Заходзіла першай, бо нібыта была нейкая заяўка з Мінска, а ў мяне муж мінчанін. Але яна аказалася некарэктна аформленая. У выніку мне цяпер ці то назад у Барысаў ехаць, ці то выплачваць грошы», — непакоіцца Эліна.

Яе сяброўцы Аксане, таксама замужняй, пашанцавала болей. Спачатку размеркавалі, а пасля ўсё ж далі свабодны дыплом. Будучым выпускніцам яна раіць ажаніцца.

Аляксандру размяркоўваюць у Нароўлю. Хоча пераразмяркоўвацца.

«У размеркавальных лістах абяцалі стаўку ў 1,1 мільёна. Свайго накіравання я не прыносліа. Збіраюся пераразмяркоўвацца, калі нешта знайду. Прыватныя прапановы ёсць, але трэба з дзяржаўнай, бо ў прыватныя не хочуць адпраўляць», — расказвае Аляксандра.

З яе патока 5 дзяўчат ужо ажаніліся. Але не ўсіх гэта ўратавала ад размеркавання, бо на іх былі мэтавыя запыты.

Заяўкі на маладых спецыялістаў падалі «Савецкае Палессе» з Ганцавіч, «Драгічынскі веснік», «Ашмянскі веснік». Стаўкі крыху большыя за мільён. Больш за два мільёны на стаўку гатовая плаціць толькі газета «Праца» ў Зэльве, і ў Карме на радыё. З Мінску Еўрарадыё не знаходзіць ніводнай заяўкі з тых, што вісяць у фае ўніверсітэта.

На сайт газеты «Веснік Чэрыкаўшчыны» шукаюць веб-рэдактара на стаўку ў 1,1 мільён. Праз пашукавікі адразу сайт не знаходзім, але ў рэдакцыі ўпэўніваюць, што ён ёсць.

«Зараз паглядзім, як ён называецца… хвіліначку», — прыгадваюць сваю старонку у выданні. І дадаюць: па размеркаванні ў іх працуе… галоўны рэдактар!

«У звычайнага карэспандэнта ў нас аклад 1 мільён 106 тысяч. Ну, і плюс прэміі, ганарары, больш за два будзе выходзіць», — абяцаюць на Чэрыкаўшчыне.

Газета «Народны голас» на Гомельшчыне чакае фотакарэспандэнта. Спецыяліст паступаў па мэтавым запыце, таму прыедзе дакладна, запэўніваюць у рэдакцыі.

«За пяць гадоў упершыню заяўку дасылаем. Дзяўчына вучылася па мэтавым накіраванні», - аклад тут абяцаюць у 1,2 мільёны.

Летась па размеркаванні паехалі працаваць 18 тысяч маладых спецыялістаў з дыпломамі ўніверсітэтаў. Гэта пры 20-ці тысяч размеркаваных.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?