«Усё тое, што адбылося ва Украіне, адбылося шмат у чым па віне нашых еўрапейскіх партнёраў» — такое меркаванне выказаў міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей у інтэрв'ю чэшскай газеце «Лідове навіны». Тэкст інтэрв'ю публікуе сайт беларускага МЗС. 

«Я прысутнічаў на саміце Усходняга партнёрства ў лістападзе мінулага года ў Вільнюсе і быў сведкам таго, як былога прэзідэнта Украіны Януковіча крытыкавалі за тое, што ён кідаецца паміж Усходам і Захадам, — сказаў Макей. — Некаторыя кіраўнікі дзяржаў — членаў Еўрасаюза сказалі яму: «Так, мы падтрымку гарантуем, але дапамогі ад нас не чакайце». Што павінен быў зрабіць Януковіч у тых умовах, калі эканоміка — і тады, і цяпер — знаходзіцца на грані краху? Канешне ж, ён звярнуўся па дапамогу да Расіі. Пасля гэтага Еўрасаюз адумаўся і пачаў тэрмінова прапаноўваць нейкія меры падтрымкі, паралельна падаграваючы настроі людзей, якія выйшлі на вуліцы і пратэставалі супраць улады». 

Паводле слоў Макея, абяцанні, дадзеныя Януковічу да саміту ў Вільні, былі неадкладна рэалізаваныя прадстаўнікамі ЕС «пасля таго, як яны ўбачылі, што сітуацыя развіваецца ў неспрыяльным кірунку».

«І, паводле слоў цяперашняга прэм'ер-міністра Яцанюка, збіраюцца выдзеліць ледзь не 15 мільярдаў долараў дапамогі з боку Еўрапейскага саюза Украіне», — адзначыў кіраўнік беларускага МЗС. 

Ён падкрэсліў, што ЗША таксама выдзяляюць Украіне велізарную дапамогу і Міжнародны валютны фонд «раптам нечакана тварам павярнуўся да Украіны, пачаў весці размову». «Узнікае заканамернае пытанне: дзе вы былі раней? Можа быць, і не адбылося б таго, што адбылося ва Украіне? Пытанне рытарычнае», — лічыць Макей.

Міністр адзначыў, што Украіна — больш магутная дзяржава ў параўнанні з Беларуссю.

«Украіне ў гэтым плане шмат даравалася ў параўнанні з Беларуссю. Нашы еўрапейскія партнёры на такія ж парушэнні ва Украіне не звярталі ўвагі», — сказаў ён. 

На думку Макея, для таго каб зразумець прычыны падзей ва Украіне, неабходна паглядзець на перадгістрыю. «Не трэба было першапачаткова ставіць пытанне такім чынам: вы або з Еўропай, або з Расіяй. А гэта ж было. І ў рамках таго ж Усходняга партнёрства. Ініцыятыва сама па сабе цікавая, добрая, і мы таксама гатовы ўдзельнічаць у гэтай ініцыятыве, таму мы разглядаем яе як інструмент нармалізацыі нашых адносінаў з Еўропай. Але я не хачу сказаць, што мы, у адрозненне ад некаторых іншых краін, як, напрыклад, Малдова, Грузія, гатовы сёння ўвайсці ў Еўрапейскі саюз. Мы лічым, што ў рамках гэтай ініцыятывы павінны быць дыферэнцыраваныя падыходы, дыферэнцыраванае стаўленне да краін — удзельніц гэтага партнёрства», — сказаў ён. 

Міністр адзначыў, што для пачатку неабходна ўбачыць, што сабой уяўляе Еўрапейскі саюз, у чым яго прыцягальнасць для людзей.

«Еўрасаюз лічыць, што сёння ўсе павінны і гатовы бегчы ў гэтую арганізацыю, ну, а яны ў Еўрасаюзе будуць выбіраць, як і з кім выбудоўваць нейкія адносіны. Але мы не будзем пакуль бегчы, таму што мы бачым, што ў Еўрасаюзе сваіх праблем хапае. Дай бог яму разабрацца з гэтымі праблемамі. Калі б мы бачылі, што гэта сапраўды з'яўляецца прыцягальнай для нас ідэяй, то, можа быць, мы і пабеглі, але вельмі добра ўзважыўшы ўсе за і супраць і пралічыўшы ўсе наступствы, — адзначыў Макей.

Паводле яго слоў, Беларусь выступае за нармалізацыю сітуацыі ва Украіне і наладжванне ў краіне ўнутрыпалітычнага і знешнепалітычнага дыялогу. «Уваходжанне Украіны ў НАТА, калі гэта адбудзецца, канешне ж, для нас абсалютна непрымальнае. Гэта пацягне за сабой яшчэ большыя негатыўныя наступствы. Мы зыходзім з гэтага. Што да выбару Украіны паміж Еўрапейскім саюзам або Мытным саюзам, будучым Еўразійскім эканамічным саюзам, то гэта суверэннае права гэтай дзяржавы», — адзначыў міністр.

Пры гэтым ён падкрэсліў, што Беларусь вітала б, калі б Украіна ўвайшла ў Мытны саюз. Паводле слоў Макея, шэраг дзяржаў ужо заявілі аб сваёй гатоўнасці ўвайсці ў МС і Адзіную эканамічную прастору і іх заяўкі цяпер разглядаюцца.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?