В.а. прэзідэнта Украіны, старшыня Вярхоўнай рады Аляксандр Турчынаў падпісаў закон «Аб забеспячэнні правоў і свабод грамадзян і прававым рэжыме на часова акупаванай тэрыторыі Украіны». 

Дакумент вызначае статус акупаваных тэрыторый, устанаўлівае на іх адмысловы прававы рэжым, а таксама вызначае асаблівасці дзейнасці дзяржорганаў, прадпрыемстваў, устаноў і арганізацый. 

Паводле закона, часова акупаванай тэрыторыяй вызначаюцца тэрыторыі Аўтаномнай Рэспублікі Крым і Севастопаля, паветраная прастора над імі, а таксама ўнутраныя воды і тэрытарыяльнае мора Украіны, уключаючы падводную прастору, іх дно і нетры. 

Паводле закона, часова акупаваная тэрыторыя аб'яўляецца зонай з абмежаваным доступам уезду і выезду. «Для грамадзян Украіны, замежных грамадзян і асоб без грамадзянства ўезд на часова акупаваную тэрыторыю і выезд з яе дапускаецца толькі па спецыяльным дазволе і праз пункты ўезду-выезду ў парадку, устаноўленым Кабінетам Міністраў Украіны», — гаворыцца ў дакуменце. 

Закон прадугледжвае, што часова акупаваная тэрыторыя з'яўляецца неад'емнай часткай тэрыторыі Украіны і на яе распаўсюджваецца ўкраінскае заканадаўства, аднак адказнасць за парушэнне правоў чалавека на ёй ускладваецца на РФ. Пакрыццё матэрыяльнага і маральнага ўрону, нанесенага гэтай тэрыторыі, а таксама адказнасць за ахову культурнай спадчыны на ёй цалкам ускладаецца на Расію. 

Паводле закона, за фізічнымі і юрыдычнымі асобамі захоўваецца права ўласнасці на маёмасць, калі яна набыта ў адпаведнасці з законамі Украіны. 

На часова акупаванай тэрыторыі забараняецца любая гаспадарчая дзейнасць, якая падлягае дзяржрэгуляванню (ліцэнзаванне, атрыманне дазвольных дакументаў, сертыфікацыя і іншая), увоз і/ці вываз тавараў ваеннага прызначэння, арганізацыя чыгуначных, аўтамабільных, марскіх, рачных, паромных, паветраных зносін. Таксама забаронена карыстанне дзяржаўнымі рэсурсамі, у тым ліку прыроднымі, фінансавымі і крэдытнымі, забаронена ажыццяўленне грашовых пераводаў, а таксама фінансаванне ці іншае садзейнічанне вышэйпералічанай дзейнасці. Гаспадарчая дзейнасць, якая падлягае дзяржрэгуляванню, дапускаецца ў выпадках, калі яна адказвае дзяржаўным інтарэсам Украіны, мірнаму ўрэгуляванню канфлікту, дэакупацыі ці гуманітарным мэтам. 

У канчатковай рэдакцыі закона няма артыкула аб калабарацыйнай дзейнасці, якая была ў першым чытанні. 

Закон вызначае, што падчас правядзення выбараў прэзідэнта Украіны, народных дэпутатаў Украіны, усеўкраінскага рэферэндуму галасаванне грамадзян на часова акупаванай тэрыторыі не арганізоўваецца і не праводзіцца. 

Украіна абавязваецца прымаць усе магчымыя меры, прадугледжаныя Канстытуцыяй Украіны і заканадаўствам Украіны, нормамі міжнароднага права, для найхутчэйшага вызвалення тэрыторыі Украіны ад акупацыі, аднаўлення цэласнасці і суверэннасці дзяржавы, аднаўлення парушаных у выніку акупацыі правоў і свабод чалавека і грамадзяніна на ўсёй тэрыторыі Украіны.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?