Журналіст тэлекампаніі НТВ, грамадзянін Беларусі Сцяпан Чырыч знаходзіцца ў Днепрапятроўску пад хатнім арыштам. 

Як паведаміў прэс-сакратар МЗС Беларусі Дзмітрый Мірончык, 26 красавіка ў Днепрапятроўску адбылося пасяджэнне суда, на якім разглядалася пытанне аб меры стрымання для беларускага грамадзяніна. Паводле слоў Мірончыка, суд, на якім прысутнічалі прадстаўнікі пасольства Беларусі ў Кіеве, прыняў рашэнне вызваліць яго з-пад варты і абраць меру стрымання ў выглядзе хатняга арышту. «Цяпер ён жыве на арандаванай кватэры ў Днепрапятроўску, у яго няма ніякіх абмежаванняў на кантакты з навакольным светам», — сказаў Мірончык. 

Ён таксама адзначыў, што ў Чырыча ёсць «два адвакаты, прызначаныя ў адпаведнасці з украінскім заканадаўствам і падабраных тэлекампаніяй НТВ». «Консульская служба нашага пасольства падтрымлівае пастаянны кантакт з адвакатамі», — сказаў прэс-сакратар. 

Як раней паведамлялі ўкраінскія СМІ са спасылкай на ўпраўленне Савета бяспекі Украіны ў Днепрапятроўскай вобласці, былі затрыманы двое мужчын з журналісцкімі пасведчаннямі, у тым ліку грамадзянін Беларусі Сцяпан Чырыч, які здымаў сюжэт для тэлеканала НТВ. Яны падазраюцца ў шпіянажы. 

Чырыч працуе прадзюсарам у расійскай Першай прадзюсарскай кампаніі, якая займаецца вытворчасцю праграмы «Цэнтральнае тэлебачанне з Вадзімам Такмянёвым» для НТВ. Паводле інфармацыі сайта тэлеканала, 22 красавіка ён выехаў у горад Першатравенск Днепрапятроўскай вобласці, дзе па заданні рэдакцыі павінен быў зняць сюжэт пра візіт ва Украіну пратэстанцкага святара Боба Ларсана ў межах яго сусветнага турнэ. Беларус перастаў выходзіць на сувязь з рэдакцыяй 23 красавіка. 

«Падчас здымак замежныя грамадзяне выкарыстоўвалі тэхнічную прыладу, закамуфляваную пад акуляры з убудаванай відэакамерай высокага распазнавання, якая мае прыкметы спецыяльных тэхнічных сродкаў сакрэтнага атрымання інфармацыі», — гаворыцца ў паведамленні УСБУ. 

Паводле даных агенцтва УНІАН, у гутарцы з работнікамі ўкраінскіх спецслужбаў Чырыч заявіў, што прыехаў ва Украіну для здымкаў экзарцызму і працы царквы, а спецсродкі і камеру ў акулярах растлумачыў магчымасцю забароны здымак. Другі затрыманы сказаў, што Чырыч папрасіў яго дапамагчы ў здымках працы пратэстанцкага святара Боба Ларсана за 400 грыўнаў у суткі. 

У сваю чаргу камандзір спецбатальёна «Днепр» Юрый Бяроза паведаміў, што на зробленых журналістамі фатаграфіях няма царквы ці падзей у ёй, а паказаны райаддзелы міліцыі, мясцовыя адміністрацыйныя будынкі і ваенныя аб'екты на ўсходняй мяжы Днепрапятроўскай вобласці, у прыватнасці пункты СПА. 

Паводе даных РІА Новости, другім затрыманым разам з Чырычам з'яўляецца мясцовы аператар з Луганска. 

У СБУ паведамілі, што крымінальная справа ў дачыненні да журналістаў была распачата на падставе артыкула «выкарыстанне спецыяльных тэхнічных сродкаў сакрэтнага зместу інфармацыі».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?