Савет Федэрацыі РФ сёння ўхваліў законапраект, якім упарадкоўваецца абмен інфармацыяй у Інтэрнэце, і, у прыватнасці, які прыраўноўвае блогераў да СМІ.

Законапраект прадпісвае, што блогеры, у каго на персанальным сайце або старонцы ў сацсетках зафіксаваныя мінімум 3000 наведванняў у суткі, будуць заносіцца ў пэўны рэестр.

Гэта абавяжа ўладальніка блога правяраць дакладнасць змяшчаемай інфармацыі, выконваць правілы перадвыбарчай агітацыі, не распаўсюджваць звестак аб прыватным жыцці грамадзян, экстрэмісцкія матэрыялы, азначаць узроставыя абмежаванні для карыстальнікаў.

Праўда, пры гэтым яны змогуць прымаць на платнай аснове рэкламу. У будучыні, не выключана, рэестр блогераў разаб'юць на катэгорыі ў залежнасці ад колькасці наведвальнікаў: блогер, супер-блогер, стар-блогер.

За парушэнне блогерамі ўстаноўленых патрабаванняў прадугледжаны штраф. Напрыклад, для фізічных асоб — ад 10 да 30 тысяч рублёў, за паўторнае парушэнне на працягу года — ад 30 да 50 тыс. рублёў.

Законапраект абавязвае фізічных і юрыдычных асоб паведамляць у Раскамнагляд аб пачатку перадачы інфармацыі ў Інтэрнэце, а таксама паўгода захоўваць дадзеныя аб перадачы інфармацыі ў Сеціве.

Гэтыя правілы не тычацца тых людзей, хто выкарыстоўвае сайты ў асабістых хатніх і сямейных мэтах.

Законапраект быў падрыхтаваны групай дэпутатаў на чале са старшынёй думскага камітэта па бяспецы і супрацьдзеянні карупцыі Ірынай Яравай («Адзіная Расія»).

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?