На сустрэчы 29 красавіка ў Мінску Аляксандр Лукашэнка заклікаў Уладзіміра Пуціна і Нурсултана Назарбаева да «шчырай мужчынскай размовы».
Ён заявіў, што не варта ператвараць інтэграцыю Беларусі, Казахстана і Расіі ў працэс дзеля працэсу, паведамляе дзяржаўнае агенцтва БелТА. Гаворачы пра стварэнне Еўразійскага эканамічнага саюза (ЕАЭС), Лукашэнка заявіў: «Нас ніхто не штурхае ў спіну, усе графікі мы ўстанаўліваем самі. Але мне здаецца, ператвараць у працэс дзеля працэсу згодна з прынцыпам «важны не вынік, а ўдзел», нам гэта не трэба».
Паводле слоў Лукашэнкі, ад таго, наколькі эфектыўным будзе саюз, залежыць яго прыцягальнасць для іншых краін. «Але і сам саюз павінен набываць большае адзінства ад свайго пашырэння», — падкрэсліў ён.
«1 студзеня 2015 года мы павінны будзем адказаць на пытанні нашых грамадзян: куды мы прыйшлі, што ў выніку атрымалі нашы дзяржавы. Адказы ў нас павінны быць», — перакананы Лукашэнка.
Ён таксама адзначыў, што беларускі бок прытрымліваецца пазіцыі аб мэтазгоднасці прыняцця новых членаў згодна з пакетным прынцыпам без давання асаблівых умоў і статусаў.
«Лічу, што гэта будзе справядліва, у першую чаргу ў дачыненні да нашых краін, якія ў поўнай ступені прайшлі этапы інтэграцыйнага працэсу, выпакутавалі яго», — сказаў Лукашэнка.
«Без шчырай, я б сказаў, мужчынскай размовы сёння не абысціся, — перакананы ён. — У Беларусі ёсць сваё бачанне наяўнай сітуацыі, і мы гатовы адкрыта, па-партнёрску пра гэта гаварыць, так, як мы гэта зрабілі ў першай частцы нашай размовы. Мы гэтаму прысвяцілі амаль дзве гадзіны, абменьваючыся меркаваннямі па эканамічных пытаннях, па тых праблемах, якія ў нас паўстаюць, і па перспектывах нашых адносінаў, а таксама па некаторых пытаннях міжнароднага становішча».
На думку Лукашэнкі, сёння наступіў вельмі важны момант. «Хацелася б, каб вы, паважаныя мае сябры, пакідаючы Мінск, былі ў добрым настроі. Гэта будзе залежаць ад тых рашэнняў, якія мы з вамі прымем», — дадаў беларускі кіраўнік.