У Калінінградзе суд змясціў пад варту на два месяцы траіх грамадзян Расіі, якіх падазраюць у тым, што яны ўзнялі сцяг ФРГ над будынкам абласнога ўпраўлення Федэральнай службы бяспекі.

Сцяг ФРГ быў ўзняты ў ноч з 12 на 13 сакавіка, а падазраваных — Алега Савіна, Міхаіла Фельдмана і Дзмітрыя Фанарова — затрымалі ў хуткім часе, паведамляе інтэрнэт-выданьне «Русская планета». Спачатку супраць іх была адміністрацыйная справа, і іх адпусьцілі, але 24 красавіка справу перакваліфікавалі ў крымінальную, і цяпер ім пагражае вялікі штраф альбо да сямі гадоў пазбаўленьня волі.

«На будынку ФСБ размясцілі сцяг ФРГ як сімвал неабходнасці выхаду Калінінградскай вобласці са складу РФ і далучэння да ЕС, чым груба парушылі грамадскі парадак», — гаварылася ў пастанове аб узбуджэнні крымінальнай справы.

28 красавіка суд на час следства накіраваў падазраваных у следчы ізалятар на два месяцы.

Паводле выдання «Русская планета», спачатку затрыманыя казалі, што вывесілі нямецкі сцяг у адказ на анексію Крыма, але цяпер яны ўвогуле адмаўляюць сваю датычнасць да вывешвання сцяга.

Да 4 ліпеня 1946 году Калінінград быў нямецкім горадам Кёнігсбергам. У 1946 годзе паводле рашэння Патсдамскай канферэнцыі горад і наваколле былі часова перададзеныя СССР. Пазней, пры падпісанні дамоваў аб межах, Калінінградская вобласць была цалкам прызнаная тэрыторыяй Савецкага Саюзу.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?