***

Глядзець фотарэпартаж Юліі Дарашкевіч: Сацыяльны марш Акадэмія навук - Пл. Бангалор
Глядзець фотарэпартаж Юліі Дарашкевіч Сацыяльны марш: Кастрычніцкая - Плошча Незалежнасьці
Глядзець фотарэпартаж Андрэя Лянкевіча з Сацыяльнага маршу

***

15:29 Акцыі на Плошчы Бангалор і Плошчы Незалежнасьці скончыліся. Пакуль без затрыманьняў.

15.00 Удзельнікі акцыі на плошчы Незалежнасьці завершылі мерапрыемства сьпевам рэлігійнага гімну «Магутны Божа». Цяпер яны ідуць у мэтрапалітэн разьяжджацца па хатах.

14.51 Калёна падышла да Дому ўраду і акурат перад ім, пад помнікам Леніну, трымае расьцяжку «Нет отмене льгот». Супрацоўнікаў сілавых структур у форме няма зусім. Людзі ў цывільным фільмуюць удзельнікаў акцыі. Самі ўдзельнікі так камэнтуюць рашэньне пайсьці на плошчу Незалежнасьці: «На плошчы Незалежнасьці мы хочам выявіць прагу незалежнасьці ад такіх кіраўнікоў, якія даводзяць Беларусь да жабрацкага стану. Мы ня хочам жыць па талёнчыках». Удзельнікі пасталі вакол помніка Леніну, ля прыступак Дому ўраду.

14.44 Калёна мінае Галоўпаштамт. Моладзь скандуе «Ўладу —народу, моладзі — свабоду». Побач едзе машына ДАІ і цывільная машына зь мігалкай.

14.35 Дэманстранты фармуюць калёну, ідуць па ходніках і падземных пераходах, гукаюць «Жыве Беларусь», «Горад наш», «Не адмене льготаў», «Свабоду палітвязьням». Удзельнікі акцыі прамінулі ўжо вул. Леніна, ГУМ і цяпер знаходзяцца каля Цэнтральнай кнігарні.

14:33 Затрыманага ў Мастох падчас правядзення сустрэчы з жыхарамі Аляксандра Мілінкевіча вязуць у Мастоўскі РАУС для дачы тлумачэнняў. Разам з ім затрыманыя і яшчэ некалькі ўдзельнікаў сустрэчы. Пра гэта паведамляе Радыё Рацыя

14:31 Мітынг на Бангалоры ідзе да лягічнага завяршэньня. Сьпявае бард Зьміцер Бартосік, яго слухае каля 300 чалавек.

14.27 Кастрычнікая. Івашкевіч згарнуў сьцяг, заявіў, што сабраныя ўжо не пасьпеюць на Бангалор, а стыхійны пікет скончаны. Моладзь, якая засталася, разьвярнулася й рушыла ходнікамі ў кірунку плошчы Незалежнасьці.

14.26 Кастрычніцкая. Колішні адвакат Аляксандра Казуліна Ігар Рынкевіч прыйшоў на Кастрычніцкую плошчу з рыдлёўкай. Гэты сымбалічны падарунак, на думку Рынкевіча, мусіць паказаць арганізатарам Сацыяльнага маршу, што трэба капаць глыбей: і ў апазыцыйным коле, і ў працы з насельніцтвам, бо калі не капаць, сацыяльныя маршы й надалей зьбірацьмуць усяго тысячу чалавек. А вынікам добрага капаньня мусіць стаць зьмена ўлады.

14:25 Менскі маладафронтавец (нік) даслаў на сайт наступнае паведамленьне:

Наконт бойкі (на Сурганава): Кубік - мянушка чалавека (былога актывіста руху Зубр), які даволі добра вядомы ў фанацкім асяродзьдзі як прыхільнік зьнішчанага ўладамі клюбу Тарпеда - Менск, сярод актывістаў так званай "Белай волі" (тут: адсылка на іх сайт) даволі шмат прарасескіх прыхільнікаў Дынама, таму й была мабыць такая рэакцыя + прысутнасьць анархістаў.

14:21 Бангалор Перад прысутнымі выступіла бард Адзінота (Тацяна Беланогая), якая прасьпявала некалькі песень. Не пра льготы :)

Грамадзкі актывіст з Жодзіна Аляксандар Валчанін, які выступаў ад імя ліквідатараў-чарнобыльцаў, заявіў, што трэба змагацца за вяртаньне льготаў ліквідатарам-чарнобыльцам, і дабівацца таго, каб льготы былі на ўзроўні Расеі і Украіны.

14.15 На Кастрычніцкай плошчы зьявіўся чорны сьцяг незарэгістраванай групы «Бунт», расьцяжка «Свабоду Казуліну».

Віктар Івашкевіч: «Я прашу маладых радыкалаў падысьці да мяне, старога палітыка».

14:12 Бангалор. Тут праходзіць мітынг. Выступіў Валер Ухналёў, Сяргей Калякін, які заявіў, што сацыяльны пратэст у Беларусі будзе паціху павышацца. Людзі пакрысе пачынаюць разыходзяцца. Цяпер на Бангалоры ня больш за 1000 чалавек. Галоўная прычына - вельмі халодна (+1-2 градусы).

14.05 Кастрычніцкая. Зьявіўся Віктар Івашкевіч і прапанаваў усім разам прайсьці на на плошчу Бангалор і далучыцца да асноўнай масы пратэстоўцаў. Цяпер ён са сьцягам Эўразьвязу ў адной руцэ й бел-чырвоны-белым штандарам у другой гуртуе вакол сябе ўдзельнікаў акцыі. На гэты момант іх колькасьць дасягнула сотні чалавек. На плошчы зьявіўся Анатоль Лябедзька і прадстаўнікі "Маладых дэмакратаў"

13.59 Спэцназаўцы падыходзяць да людзей і прапануюць тым пакінуць плошчу з прычыны «правядзеньня сакрэтнага спэцмерапрыемства».

13:59 На Кастрычніцкай плошчы за пяць хвілін да пачатку абвешчанага альтэрнатыўнага маршу, не дазволенага гарадзкімі ўладамі, сабралося пару дзясяткаў чалавек. Спэцназаўцы, якіх таксама адзінкі, даглядаюць заплечнікі й торбы, пытаюцца ў прысутных пра мэту знаходжаньня на плошчы. Паводле наяўнай інфармацыі, мяркуецца выцясьніць сабраных з плошчы.

13:58У Мастох затрыманы Мілінкевіч. Пра гэта даслаў паведамленьне на сайт чытач пад нікам Актывіст.

13.45 Калёна прыйшла ў парк Дружбы народаў. За час шэсьця колькасьць удзельнікаў істотна не зьмянілася. У гэты момант ідзе падрыхтоўка да мітынгу, афармляецца сцэна, замацоўваюцца расьцяжкі. Ёсьць электрычнасьць, з дынамікаў трансьлююць музыку: ад савецкіх шлягераў да НРМ і Шалкевіча.

Надвор’е падпсавала стан пляцоўкі, людзям даводзіцца шукаць сушэйшае месца між гразі й лужынаў.

13:35 Грамадзкі актывіст, выдавец "Бойкага Клецку" Сяргей Панамароў даслаў на сайт наступнае паведамленьне:

"У Клецку а 13.00 таксама залунаў 2-х мэтровы сьцяг у цэнтры гораду. Міліцыя заварышылася вакол дома, але ніякіх захадаў пакуль ня робіць."

13:30 Дэманстранты падыходзяць да Бангалору, у дадзены момант яны знаходзяцца ля Макдональдсу, што на Багдановіча. Анархісты таксама некуды зьніклі. АМАП пасеў у аўтобусы. Каляровая гама маршу зьмянілася. Цяпер наперадзе калёны больш чырвоных сьцягоў, а ў яе хвасьце - бел-чырвона-белых.

13:18 Белавольцы разьбегліся па дварах, папярэдне зьбіўшы нейкага хлопца па прозьвішчы (па мянушцы?) Кубік. Яны кінуліся на яго з крыкам "Смотрите, Кубик". Спэцназ ня ўмешваўся, а моўчкі назіраў за гэтым.

Прысутныя кажуць, што белавольцы былі вельмі добра арганізаваныя, слухалі каманды, хутка шыхтаваліся і перамаўляліся між сабой на чыстай расейскай мове.

Сяргей Калякін заклікае ўсіх супакоіцца і працягваць рухацца ў бок Бангалору. Дэманстранты ідуць па Сурганава ў атачэньні спэцназу і аўтазакаў.

13:10 Зьявіўся спэцназ, і бойка скончылася. Ёсьць аўтазакі (дзьве штукі)

13:07 Пачалася магутная бойка - сьценка на сьценку - паміж анархістамі і "Белай воляй". Невядома адкуль зьявіліся палкі і ўсчалося сапраўднае пабоішча. Белай волі болей. Бойка каля дому на Сурганава, 31 (не даходзячы да вуліцы Коласа).

Белавольцы крычаць "Зіг!".

13:00 Частка людзей - анархісты і "Белая воля" - выйшлі на праезную частку. Супрацоўнікі ДАІ просяць іх захоўваць парадак. Міліцыі няма зноў. Журналісты мяркуюць, што белавольцы - спэцыяльна падасланыя правакатары.

12:58 Шэсьце рухаецца па вуліцы Сурганава. Шэсьце вельмі стракатае: ад ультралевых да ўльтраправых. Але ніякіх канфліктаў няма. Грае аркестар. Багата розных сьцягоў: камуністычных, бел-чырвона-белых, анархісціх, сьцягоў розных партый, савецкіх, дзяржаўных чырвона-зялёных, нават расейскіх.

12:56 Каля будынка прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук у Мінску супрацоўнікі міліцыі канфіскавалі ў арганізатараў Сацыяльнага маршу калонкі і гукаўзмацняльную апаратуру, паведаміў БелаПАН.

12:48 Пачынаецца шэсьце ў бок вуліцы Сурганава. Калона налічвае ўжо больш за 1 000 чалавек. Наперадзе калёны больш бел-чырвона-белых сьцягоў і сьцягоў анархістаў. Таксама наперадзе нейкія падазроныя маладыя людзі ў чорных куртках і бэрцах, якія называюць сябе "Белая Воля". Яны трымаюцца асобна, нешта выгукваюць, пашыхтаваліся ў сваю групу, ды закрылі твары.

12:38 Выступіў з мэгафонам Сяргей Калякін, які зазначыў, што міліцыя адпусьціла аднаго з арганізатараў маршу ягонага паплечніка Валера Ухналёва, і пасьля таго, як той пад'ездзе да Акадэміі навук, удзельнікі акцыі скіруюцца да Бангалору.

Ухналёў быў затрыманы у 11:45 ля плошчы Бангалор.

На пляцы перад Прэзыдыюмам прысутнічае каля 600-700 чалавек, людзі неяк вяла спрабуюць крычаць "Жыве Беларусь". Зьявіліся таксама сьцягі АГП, паболела бел-чырвона-белых сьцягоў за кошт штандараў, прынесеных сацыял-дэмакратамі. Моладзь трымае партрэты лідэра "Маладога фронту" Зьмітра Дашкевіча, якога, між іншым, 6 лістапада ў Шклове чакае чарговы суд - за тое, што ён адмовіўся сьведчыць супраць сваіх сяброў, якія праходзілі па справе МФ.

12:33 Чытач сайту, які піша пад нікам "Актывіст", даслаў наступнае паведамленьне:

«А ў Мастах свой сацыяльны Марш. Зараз там Мілінкевіч з жыхарамі сустракаецца. Таксама на сустрэчы прысутнічае АМАП з аўтаматамі і толькі што падвезлі аўтобусы з прыхільнікамі палітыкі Лукашэнкі».

12:30 Зьявілася расьцяжка Партыі БНФ, чатыры расейскія сьцягі. Анархісты пачалі біць у бубны.

Анархісты дадаюць драйву. Яны, закрыўшы твары павязкамі, крычаць "Нет - отмене льгот", а таксама трымаюць расьцяжкі: "Льготам - 3,14здец", "Государство социальным не бывает", "Государство - урод, нет отмене льгот". Бабулі б'юць лыжкамі ў рондалі.

12:10 Зьявіліся бабулі, якія трымаюць рондалі ды б'юць у іх лыжкамі. Зьявіўся таксама духавы аркестар, якія грае жыцьцесьцьвярждальную музыку

Зь вядомых людзей - генэрал Валер Фралоў, сябра партыі БНФ Вацлаў Арэшка, былы палітвязень, сацыял-дэмакрат Мікола Статкевіч, адзін з кіраўнікоў Партыі камуністаў, дзейнасьць якой прыпынена ўладамі, Алена Скрыган, намесьнік старшыні Партыі БНФ Віктар Івашкевіч.

Зьявіўся расейскі бела-сіне-чырвоны-сьцяг.

12:00 Ля Акадэміі навук сабралася каля 300 чалавек. Багата чырвоных савецкіх сьцягоў, ёсць таксама бел-чырвона-белыя, анархісцкія сьцягі. Людзі прыбываюць, але абстаноўка спакойная. Дачка Аляксандра Казуліна трымае плякат "Свабоду Аляксандру Казуліну".

Асноўная частка прысутных — людзі пэнсійнага ўзросту. Людзі трымаюць расьцяжкі: "Нет - нарушениям прав людей труда", "Нет - платной медицине", "За солидарность трудящихся в борьбе", "Нет - росту цен", "Не - прымусовым кантрактам.

***

На прэс‑канфэрэнцыі 1 лістапада заяўнікі Сацыяльнага маршу зазначылі, што ў акцыі будзе некалькі ачагоў.

Паводле іх словаў, мяркуецца, што асноўная частка людзей мае пачаць зьбірацца а 12-й ля Акадэміі навук, частка прыйдзе на Кастрычніцкую плошчу а 14-й. Першыя - тыя, хто мяркуе зьбірацца ля Акадэміі навук - потым плянуюць прайсьці маршам па вуліцы Сурганава ў кірунку Бангалор. Не зьбіраюцца ісьці ў парк Дружбы народаў адзін зь лідэраў прадпрымальніцкага руху Аляксандар Макаеў, Ігар Рынкевіч (БСДП), лідэр АГП Анатоль Лябедзька. Намесьнік старшыні Партыі БНФ Віктар Івашкевіч заявіў, што пойдзе на Кастрычніцкую.

Напярэдадні акцыі былі праведзеныя некалькі прэвэнтыўных затрыманьняў. У сераду быў затрыманы адзін з кіраўнікоў Партыі БНФ Вацлаў Арэшка, у якога былі сканфіскаваныя некалькі тысяч улётак, якія плянавалі распаўсюдзіць да Эўрапейскага маршу.

***

Раніцай у нядзелю былі праведзеныя некалькі прэвэнтыўных затрыманьняў у рэгіёнах: у Горадні, Віцебску, Барысаве, каб мясцовыя актывісты ня здолелі дабрацца да Менску.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?