У адпаведнасці з Індывідуальнай праграмай партнёрства і супрацоўніцтва Беларусі і НАТА на 2014—2015 гады з 5 па 8 мая праходзіць візіт у рэспубліку групы экспертаў камандавання аб'яднаных узброеных сіл НАТА «Брунсюм» па пытаннях медыцынскага забеспячэння падчас шматнацыянальных аперацый па ўрэгуляванні крызісаў. 

Як паведамляе прэс-служба Міністэрства абароны, мэта візіту — абмен вопытам у галіне планавання і арганізацыі медыцынскага забеспячэння падчас міжнародных аперацый па ўрэгуляванні крызісаў, а таксама садзейнічанне Беларусі ў рэалізацыі мэт партнёрства, прынятых у межах супрацоўніцтва з НАТА. 

Праграмай мерапрыемства прадугледжана правядзенне нарады па пытаннях, звязаных з асаблівасцямі арганізацыі медыцынскай падтрымкі на розных этапах падчас міратворчых аперацый, спецыяльнай падрыхтоўкай медыцынскага персаналу і ваеннаслужачых баявых падраздзяленняў, разгортваннем і кіраваннем медыцынскім забеспячэннем падчас урэгулявання канфлікту, прымяненнем сучасных тэхналогій і абсталявання пры аказанні медыцынскай дапамогі. 

Дэлегацыя НАТА наведае 432-гі ордэна Чырвонай Зоркі галоўны ваенны клінічны медыцынскі цэнтр Узброеных сіл Беларусі, дзе азнаёміцца з сіламі і сродкамі, заяўленымі краінай у межах супрацоўніцтва з НАТА (перасоўны шпіталь катэгорыі «Role 1+») для забеспячэння нацыянальных разгорнутых падраздзяленняў. 

«Візіт будзе спрыяць рэалізацыі мэт партнёрства падчас планавання і ацэнкі сіл праграмы НАТО «Партнёрства дзеля міру», у прыватнасці падрыхтоўцы нацыянальнага медыцынскага персаналу да ўдзелу ў дзейнасці па падтрыманні міжнароднага міру і бяспекі, у тым ліку ў складзе Часовых сіл ААН у Ліване», — гаворыцца ў паведамленні прэс-службы Мінабароны.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?