Генэрал Мушараф

Мінулай ноччу прэзыдэнт Пакістану Первэз Мушараф абвясьціў надзвычайнае становішча.

Афіцыйная прычына — тэрарысты пагражаюць уладзе ягонага ўраду. Генэрал Мушараф сказаў, што Пакістан знаходзіцца ў «небясьпечным стане», і сувэрэнітэт краіны пад пагрозай.

Крытыкі Мушарафа зазначаюць, што такім чынам ён можа адмяніць выбары і абмежаваць свабоду сваіх апанэнтаў. Жаўнеры абкружылі дамы былога прэм’ер‑міністра Бэназір Бхута і Імрана Хана, апазыцыйнага актывіста, які знаходзіцца пад хатнім арыштам.

Ўсе гэтыя крокі ішлі за сэрыяй атак шахідаў Аль‑Кайды і Талібана. Раней яны былі абмежаваныя племяннымі раёнамі на мяжы з Аўганістанам. Цяпер дадаліся і атакі ў вялікіх гарадах, у тым ліку выбух аўтобуса ў Карачы ў мінулым месяцы, падчас чаго загінула ня менш за 145 чалавек.

Але «надзвычайнае становішча» пачалося за тры дні перад тым, як Вярхоўны Суд Пакістану мог абвергнуць перавыбраньне Мушарафа на пост прэзыдэнта. Апазыцыя менавіта ў гэтым бачыць рэальную прычыну падзей.

Як паведамілі журналістам прадстаўнікі апазыцыйных партый, у Пакістане пачаліся арышты ў розных гарадах краіны. Арыштаваныя прадстаўнікі апазыцыйнага крыла партыі Мусульманская ліга Пакістана, лідэры некалькіх пуштунскіх нацыяналістычных арганізацый і ісламістскіх партый.

Дзяржаўныя тэлеканалы з раніцы паказваюць музычныя праграмы і канцэрты народнай музыкі.

Яраслаў Сьцешык паводле замежнае прэсы

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0