Праблемы з доступам беларускіх тавараў на расійскі і казахстанскі рынкі могуць у найбліжэйшыя гады абвастрыцца, лічаць спецыялісты Навукова-даследчага эканамічнага інстытута (НДЭІ) Міністэрства эканомікі. 

«Выкананне прынятых абавязацельстваў па рэалізацыі пагадненняў у межах Адзінай эканамічнай прасторы і стварэнні Еўразійскага эканамічнага саюза, уваходжанне Расіі, а таксама ўваходжанне Казахстана ў СГА найбліжэйшым часам можа прывесці да некаторага абвастрэння праблем доступу беларускіх таваравытворцаў на расійскі і казахстанскі рынкі», — гаворыцца ў артыкуле эканамістаў, апублікаваным у красавіцкім нумары «Экономического бюллетеня», якія выдае НДЭІ. 

Спецыялісты нагадваюць, што пры ўваходжанні ў СГА Расія ўзяла абавязацельствы знізіць на працягу пераходнага перыяду (па розных таварах ад года да сямі гадоў) стаўкі ўвазных мытных пошлін. 

«Зніжэнне ці адмена ставак увазных мытных пошлін прывядзе да патанення замежных тавараў і адпаведна да ўзмацнення канкурэнцыі з боку замежных кампаній, што ў перспектыве выкліча зніжэнне аб'ёмаў беларускага экспарту ў Расію і Казахстан, а таксама значныя страты на ўнутраным рынку з прычыны росту імпарту», — мяркуюць эканамісты. 

Спецыялісты Інстытута Мінэканомікі лічаць, што ў гэтай сувязі беларускія вытворцы мяса-малочнай прадукцыі, бытавых тавараў, шын, трактароў і грузавых аўтамабіляў могуць сутыкнуцца з узмацненнем канкурэнцыі як на знешнім, так і на ўнутраным рынку. 

«Рызыка страты канкурэнтаздольнасці ў сувязі са зніжэннем мытных пошлін існуе па групе тавараў лёгкай прамысловасці. Пры гэтым рызыка ўзмацняецца ў сувязі з тым, што нароўні са зніжэннем пошлін на гатовую прадукцыю адначасова павышаюцца пошліны на камплектуючыя вырабы, неабходныя для яе вытворчасці», — мяркуюць эканамісты. 

Паводле меркавання спецыялістаў інстытута, магчымы таксама негатыўны ўплыў на адну з вядучых галін Беларусі — мяса-малочную — у сувязі з выкананнем Расіяй абавязацельстваў па скарачэнні ўзроўню падтрымкі сельскай гаспадаркі. 

«Цяпер дзяржаўная падтрымка АПК у Беларусі складае 15-16% ад ВУП, у сярэднім 200 долараў на 1 га зямельных угоддзяў (у параўнанні з еўрапейскімі краінамі яна ў разы меншая). У Беларусі прадугледжваецца зніжэнне да 2017 года да 10% дазволенага аб'ёму дзяржаўнай падтрымкі сельскай гаспадаркі. Скарачэнне дзяржаўнай падтрымкі сельскай гаспадаркі можа прывесці да шэрагу рызыкаў, якія пагаршаюць і без таго даволі цяжкае фінансавае становішча суб'ектаў гаспадарання», — мяркуюць спецыялісты Інстытута Мінэканомікі. 

Вышэйпералічаныя пагрозы абумоўліваюць неабходнасць вырашэння праблем дыверсіфікацыі экспартных паставак беларускай сельгаспрадукцыі, павышэння яе канкурэнтаздольнасці, эфектыўнасці сельскагаспадарчай вытворчасці, лічаць эканамісты.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?