Па стане на 1 красавіка 2014 года насельніцтва Беларусі складае 9 466 965 чалавек.
Паводле дадзеных Белстата, ад пачатку года гэтая лічба зменшылася амаль на 1200 чалавек, але натуральныя страты (розніца паміж народжанымі і памерлымі) значна большыя. Сітуацыю ўратавалі каля 2500 мігрантаў, якія прыехалі ў краіну за пачатак года.
Колькасць насельніцтва змяншаецца ў абсалютнай большасці рэгіёнаў Беларусі.
Галоўнае выключэнне – Мінск. У сталіцы за першы квартал года натуральны прырост склаў 868 чалавек, агульная колькасць жыхароў перавысіла 1 926 тысяч чалавек.
Апроч таго, дэмаграфічную сітуацыю ўдалося не пагоршыць толькі ў некалькіх раёнах. Гэта Брэсцкі (+464), Мінскі (+282), Гродзенскі (+274 чалавек), Магілёўскі (+153), Жлобінскі (+106), Мазырскі (+86), Дзяржынскі (+31), Кобрынскі (+19), Маладзечанскі (+6), Кармянскі (+6).
З астатніх 110 раёнаў найгоршая сітуацыя ў Полацкім (-194), Аршанскім (-144) і Шчучынскім (-131) раёнах.
Аднак часам нават нязначных стратаў дастаткова для вымірання вёсак.
Расонскі раён стаў першым у Беларусі, дзе колькасць насельніцтва ўпала ніжэй за 10 тысяч чалавек. 9975 чалавек – гэта гістарычны мінімум за часамі незалежнасці.
Выміраюць і іншыя раёны. Напрыклад, у Краснапольскім засталося крыху менш за 10 100 чалавек, у Нараўлянскім і Дрыбінскім – каля 10 800 чалавек.
Такія лічбы ставяць пытанне за мэтазгоднасць існавання такіх адміністрацыйных адзінак і ўтрымання чыноўніцкага апарата.