У царкве Святой Тройцы, што знаходзіцца ў Астроўне — на радзіме славутага канцлера Вялікага княства Літоўскага Льва Сапегі — нядаўна адбылася знакавая падзея. Сюды вярнулася Евангелле, выдадзенае больш за стагоддзе таму, у 1896 годзе. Гэтым Евангеллем карысталіся падчас богаслужэнняў у храме, пакуль у 60‑я гады мінулага стагоддзя ён не быў закрыты.

У свой час Святое пісанне выратавала мясцовая жыхарка Аляксандра Пятрова. Калі закрытую ўладамі царкву пачалі рабаваць, яна забрала да сябе старую кнігу. Малілася па ім і верыла, што прыйдзе час, калі Евангелле вернецца ў храм. Затым здарылася так, што кніга трапіла да яе сваячкі Любові Важгуравай, якая зараз жыве ў Віцебску.

«Пасля смерці маёй цёці мой бацька прынёс Евангелле да нас. Наш старэйшы сын Дзмітрый звярнуўся да спецыялістаў, якія яго адрэстаўравалі. Некаторыя, хто бачыў гэтую кнігу ў нашым доме, раілі яе прадаць, бо кніга старажытная і каштоўная. Але нешта стрымлівала. А калі пачалі аднаўляць астровенскі храм, мы сабраліся ўсёй сям’ёй, параіліся і вырашылі Евангелле вярнуць. А як жа інакш?», — распавяла Любоў Важгурава.

Царква Святой Тройцы ў Астроўне — культавы будынак ХVI стагоддзя. Гэта адзін з нямногіх храмаў на Віцебшчыне, які не быў зруйнаваны ў савецкія часы. Цягам апошняга года тут вядуцца аднаўленчыя працы.

Яня Ільіна паводле артыкула Змітра Казакевіча ў абласной газеце «Народнае слова» / Народныя навіны Віцебска

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0