У векавечнай спрэчцы пра тое, ці варта дзяліць літаратуру на жаночую і мужчынскую, кніга Таццяны Мушынскай «Джульета і экстрасэнс» падаецца важкім аргументам «за» такі падзел.

Гэта менавіта жаночая літаратура ў самым добрым сэнсе. Гэтую кнігу найлепш чытаць вечарам, каля каміна, ва ўтульным фатэлі, абвярнуўшыся пухнатым пледам і з кубачкам язмінавай гарбаты. Кніга, безумоўна, спадабаецца. І найперш спадарыням.

Найбольш удалымі падаліся аповесці «Доўгае развітанне», «Апошняе каханне Дон-Жуана», «Джульета і экстарсэнс». Яны пра каханне. Галоўныя героі іх — спявачка, мастак, рэжысёрка — такія мілыя, чалавечныя ў сваіх маральных шуканнях, у выстройванні адносінаў з каханымі і некаханымі, у творчых пошуках… Нейкія нават ідэальныя, бязмерна чалавечныя, сапраўды літаратурныя, што, можа, такіх і на свеце не бывае. Але так хочацца, каб былі. І апісаныя так лёгка, пастэльна, што, чытаючы, любая жанчына сапраўды пагрузіцца ў іх свет і забудзе пра свае праблемы… Адпачне ў створаным пісьменніцай свеце, забыўшы пра ўсе беды і мітрэнгі рэальнасці. Што ж, хіба гэта не можа быць мэтай для сапраўднай літаратуры і не прыкмета яе?

Яшчэ адна прыкмета сапраўднай літаратуры — бездакорны стыль спн. Мушынскай. Плынь аповеду цячэ спакойна, бы ручаёк, і, падаецца, нават чуеш ціхі плёскат гэтай чыстай вады.

Аповесць «Сад маіх успамінаў» — дакументальная, гэта аповед пра продкаў і гісторыю сям’і аўтаркі.

І тут апісваюцца ўжо рэальныя, часам жорсткія і драматычныя падзеі, паўстаюць патрэты рэальных лю-дзей — з усімі іх недахопамі і вадамі. І гэта, насамрэч, досыць рэдкая з’ява для мемуарнай літаратуры. Бо часцяком аўтары мемуараў занадта «прычосваюць» сваіх герояў, робяць з іх іконы. Спн. Мушынская пазбягае гэтага. Але такая аповесць, надрукаваная побач з творамі зусім іншага жанру, трохі парушае стылёвае адзінства кнігі. Аповесць не тое што горшая за папярэднія мастацкія, але, можа, вартая таго, каб быць апублікаванай асобна.

Таксама ў кнігу ўваходзяць кароткія апавяданні, абразкі і мініяцюры, якія здольныя парадаваць прыхільнікаў гэтага жанру.

Шчыра кажучы, пачынала чытаць кнігу з пэўнай насцярогай. Але па меры чытання насцярога сыходзіла і змянялася радасцю за тое, што ўдалося адкрыць для сябе, безумоўна таленавітае імя ў беларускай літаратуры.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?