Нефармальная сустрэча Аляксандра Лукашэнкі з Уладзімірам Пуціным, Сержам Саргсянам, Алмазбекам Атамбаевым і Эмамалі Рахмонам пройдзе ў расійскай сталіцы 8 мая, паведамляе прэс-служба Крамля.
«У межах мерапрыемства запланавана прысутнасць кіраўнікоў дзяржаў на трэніроўцы па кіраванні ўзброенымі сіламі Расійскай Федэрацыі. Мяркуецца таксама правядзенне двухбаковых гутарак прэзідэнта Расіі з шэрагам кіраўнікоў дзяржаў, якія ўдзельнічаюць у сустрэчы», — гаворыцца ў паведамленні.
З рабочым візітам у Маскву Лукашэнка адправіўся 7 мая. 5 мая адбылася яго тэлефонная гутарка з Пуціным. Паводле звестак прэс-службы беларускага прэзідэнта, кіраўнікі дзяржаў абмеркавалі «шырокі спектр пытанняў двухбаковага супрацоўніцтва», якія «найбліжэйшым часам стануць прадметам абмеркавання ва ўрадах дзвюх краін, а таксама на вышэйшым узроўні».
Апошнім разам Лукашэнка і Пуцін сустракаліся 29 красавіка ў Мінску на пасяджэнні Вышэйшага еўразійскага эканамічнага савета.