Аляксандр Лукашэнка 7 мая падпісаў указ № 214 «Аб развіцці гарадоў-спадарожнікаў».

Як паведамляе прэс-служба прэзідэнта, дакументам у прававым стаўленні ўрэгулявана пытанне стварэння гарадоў-спадарожнікаў і вызначаны статус горада-спадарожніка, які можа быць нададзены гораду абласнога або раённага падпарадкавання, гарадскога пасёлка, размешчанага ў прыгараднай зоне Мінску ці абласных цэнтраў на адлегласці не больш за 60 км.

Сцвярджаецца, што прапановы аб наданні статусу горада-спадарожніка населеным пунктам ўносяцца на разгляд прэзідэнта Беларусі Саветам міністраў на падставе хадайнiцтваў Мінгарвыканкама, аблвыканкамаў і з улікам дзяржаўнай схемы комплекснай тэрытарыяльнай арганізацыі Рэспублікі Беларусь. Генеральныя планы гарадоў-спадарожнікаў зацвярджае кіраўнік дзяржавы.

У адпаведнасці з указам статус горада-спадарожніка Мінска надаецца гарадам Дзяржынск, Заслаўе, Лагойск, Смалявічы, Фаніпаль і г.п. Рудзенск. Статус горада-спадарожніка Брэста нададзены Жабінцы, а горада-падарожніка Гродна — Скідзелю.

У паведамленні тлумачыцца, што дадзеныя населеныя пункты адпавядаюць крытэрам, што прад'яўляюцца да гарадоў-спадарожнікаў, яны размешчаны ў прыгараднай зоне Мінска, Брэста і Гродна, маюць транспартную інфраструктуру. Створаны ў г.п. Рудзенск энергетычны цэнтр валодае патэнцыялам для актыўнага вытворчага развіцця прылеглых тэрыторый і з'яўляецца асноватворным для далейшага фарміравання яго як горада -спадарожніка.

Указам рэгламентуюцца пытанні будаўніцтва жылых памяшканняў у шматкватэрных, блакіраваных жылых дамах, будаўніцтва аднакватэрных жылых дамоў у горадзе-спадарожніку.

Нормамі ўказа прадугледжана таксама распрацоўка канцэпцыі развіцця горада-спадарожніка ў складзе праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця адпаведнай вобласці. У канцэпцыі развіцця горада-спадарожніка будуць адлюстраваныя пытанні, якія тычацца вызначэння спецыялізацый дзейнасці арганізацый, размешчаных на тэрыторыі горада-спадарожніка або планаваных да размяшчэння, асаблівасцяў развіцця сацыяльна-культурнай сферы, уключаючы нормы сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, у тым ліку таго, што пражывае на прылеглых тэрыторыях, кірункаў развіцця рэгіянальнага транспартнага абслугоўвання, размеркавання занятасці насельніцтва, прагнозных параметраў яго колькасці, падрыхтоўкі і перападрыхтоўкі перспектыўных кадраў для новых вытворчасцяў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?