07.05.2014 / 18:37

У Мінскім метрапалітэне ўзмоцненыя меры бяспекі пасажыраў

У Мінскім метрапалітэне праведзеныя працы па ўзмацненні бяспекі пасажыраў. Пра гэта на прэс-канферэнцыі 6 мая ў Мінску паведаміў начальнік прадпрыемства Расціслаў Юрэня.

«Калі казаць пра бяспеку, то праведзеная велізарная праца. Самае галоўнае — мы ўдзяляем увагу чалавечаму фактару, гэта нашы вочы і вушы. Калі нешта адбываецца і нашы супрацоўнікі знаходзяцца побач — гэта лепш любой тэхнікі. У службе бяспекі працуюць 502 чалавекі, і яшчэ 150 чалавек працуюць непасрэдна на платформах. на вузлавых станцыях па 2-6 чалавек», — адзначыў Юрэня.

Супрацоўнікі маюць 180 металадэтэктараў. У метро працуе сем надглядных зон, у гэтым годзе іх колькасць павялічыцца да 24, у наступным яны з'явяцца на ўсіх станцыях.

Таксама ўсе станцыі маюць лакалізатары выбуху. «Як правіла, імі накрываюцца безгаспадарныя сумкі. Гэта абсталяванне дазваляе лакалізаваць выбух без наступстваў магутнасцю да 2 кг у тратылавым эквіваленце», — адзначыў Юрэня.

У гэтым годзе ў Мінскім метрапалітэне будзе дадаткова ўсталявана 1.000 лічбавых відэакамер назірання. У цяперашні час у метро дзейнічае 1.000 відэакамер. Таксама ў метро распачатая праца па стварэнні сітуацыйнага цэнтра сістэмы відэаназірання.

Камерамі будуць абсталяваныя і дэпо метрапалітэна. Таксама запрацуе і сістэма рэагавання на пранікненне ў тунэлі і ў вестыбюлі метро ў начны час. У бліжэйшы час супрацоўнікі метро будуць праходзіць у службовыя памяшканні толькі па адмысловых смарт-картах.

У мінулым годзе ў метро было дагледжана 52 тыс. чалавек. Выяўлена 36 асоб, якія спрабавалі пранесці забароненыя прадметы, восем — пнеўматычныя пісталеты, чатыры — траўматычныя, адзін чалавек — спартыўны пісталет, пяць — кастэты, 121 — патроны. Выведзена за межы метрапалітэна 13.191 чалавек, якія знаходзіліся ў стане алкагольнага ап'янення, не дапушчана ў метро 54.756 нецвярозых чалавек, затрымана 28 асоб, якія займаюцца псаваннем маёмасці (графіці).

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру