Кіраўнік шведскай праваабарончай арганізацыі Оstgruppen Марцін Угла пакінуў Беларусь 8 мая. Ён вылецеў у Вільню. Дагэтуль Угла знаходзіўся ў транзітнай зоне Нацыянальнага аэрапорта Мінск.

Марцін Угла ў Вільні, фота з фэйсбука Таццяны Рэвякі

Марцін Угла ў Вільні, фота з фэйсбука Таццяны Рэвякі

Аб гэтым БелаПАН паведаміў прэс-сакратар Дзяржаўнага пагранічнага камітэта Аляксандр Цішчанка. 

Нагадаем, Марціна Углу не пусцілі ў Беларусь 7 мая. Памежнікі паведамілі, што ўезд шведу ў Беларусь забаронены. 

Як заявіў Аляксандр Цішчанка, Угла сапраўды ўключаны ў так званы «стоп-ліст» і самаму шведу аб гэтым было вядома. «Чалавек прыехаў папіярыцца, ведаючы, што ён тут непажаданая персона, — адзначыў прэс-сакратар Дзяржпагранкамітэта.

— Ён не балельшчык, хакей не любіць, краіну ненавідзіць, жорстка абыходзіцца з мяккімі цацкамі».

(Восенню 2012 года Оstgruppen збірала ў Швецыі плюшавых мядзведзяў, каб па пошце адправіць іх беларускім чыноўнікам, уключаным у чорны спіс ЕС.) 

«Візіт Угла ў Беларусь — гэта апошняя кропка ў яго марных намаганнях па адмене чэмпіянату свету», — канстатаваў Цішчанка. 

Нагадаем, у студзені Угла ў сваім блоку пісаў, што беларускія візы і акрэдытацыі перашкаджаюць чэмпіянату свету па хакеі, а менавіта: што замежныя журналісты, якія жадаюць атрымаць акрэдытацыю на хакейнае першынство ў Мінску, павінны пісаць толькі пра спорт. «Усе журналісты, якія хочуць асвятляць тэмы, не звязаныя з хакейным ЧС, павінны дабівацца акрэдытацыі ў МЗС краіны-гаспадыні, а гэта нашмат больш складаны і бюракратычны працэс», — напісаў Угла. 

Шведская праваабарончая арганізацыя Оstgruppen з'яўляецца адным з ініцыятараў міжнароднай кампаніі «Не гуляйце з дыктатарам», накіраванай супраць правядзення хакейнага чэмпіянату свету 2014 года ў Мінску.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?