Ваенна-палітычны блок заходніх дзяржаў НАТА не чакае пачатку новай сусветнай вайны з-за цяперашняга канфлікту ва Украіне. Аднак агрэсіўная палітыка Расійскай федэрацыі павінна спыніць працэс дэмілітарызацыі ў краінах альянсу.

Пра гэта сёння заявіў генеральны сакратар НАТА Андэрс Фог Расмусэн у інтэрв'ю польскаму тэлеканалу TVN24 Biznes i Świat.

«Не, гэта дзве абсалютна дыяметральныя справы», — сказаў ён, адказваючы на пытанне, ці можа сітуацыя ва Украіне справакаваць сусветную вайну, як гэта было пасля рэгіянальнага канфлікту Аўстрыі і Сербіі ў 1914 годзе.

Тое, што мы бачым — гэта спробы Расіі перамаляваць карты бяспекі Еўропы. Гэта ўпершыню пасля Другой сусветнай вайны, калі краіна сілай забірае тэрыторыю іншай краіны», — адзначыў ён.

Расмусэн сказаў, што дзеянні расейцаў ствараюць зусім новую сітуацыю ў Еўропе, і заходнія дзяржавы павінны адпаведным чынам на яе адрэагаваць.

Генеральны сакратар НАТА адзначыў, што Расійская Федэрацыя ў апошнія гады працягвае нарошчваць сваю ваенную моц у той час, як заходнія дзяржавы памяншаюць выдаткі на ўзбраенне, назваўшы неабходным змяніць гэтую тэндэнцыю.

«Апошнія гады мы бачылі значнае памяншэнне абаронных бюджэтаў некаторымі краінамі-членамі. Некаторыя з іх паменшылі выдаткі на абарону больш чым на 40%. У той час, як Расія павялічыла на 30%. Не можам далей раззбройвацца тады, калі Расія узбройваецца і размахвае шабляй каля нашых межаў», — сказаў ён.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?