Адпачынак на беларускай аграсядзібе для госця з Масквы скончыўся крымінальнай справай.

А пачалося ўсё з аб'явы ў інтэрнэце аб адпачынку на аграсядзібе, якая знаходзіцца на беразе маляўнічага возера недалёка ад Белавежскай пушчы. Прачытаўшы яго, кампанія масквічоў вырашыла здзейсніць ваяж у Беларусь.

У выніку да месца адпачынку на трох машынах са сталіцы Расіі прыбылі з дзясятак чалавек. Расклаўшы рэчы, яны аператыўна накрылі стол і пачалі ўжываць спіртное, прычым у вялікай колькасці.

Адзін з іх, 30-гадовы Дзмітрый Ягораў хутка ап'янеў, пасля чаго пачаў лаяцца са сваёй сужыцельніцай. Пасля псіхануў і выйшаў з паляўнічай хаткі на вуліцу. У гэты момант яму на вочы і трапілася «Пежо j5» толькі наглядчыка аграсядзібы, які меўся распаліць для расейцаў лазню.

Ягораў сеў у незачынены салон чужой машыны, завёў рухавік і крануўся з месца. Убачыўшы, што нецвярозы расеец з'язджае, наглядчык кінуўся наўздагон, стукаў па шкле рукой, спрабуючы прывесці да розуму госця, але ўсё аказалася дарэмным. Праўда, той праехаў няшмат. Не больш за паўкіламетра. Пасля не даў рады кіраванню і ўрэзаўся ў дрэва.

У такой сітуацыі згоншчыку трэба было вярнуцца ды пакаяцца ў зробленым. Але ён паступіў інакш. Пусціўся на ўцёкі. На дызель-цягніку дабраўся да Ваўкавыска, дзе планаваў вызначыцца з далейшым маршрутам. Не атрымалася. Як толькі ён выйшаў з вагона, быў спынены для праверкі супрацоўнікамі транспартнай міліцыі. Тыя з падазрэннем паставіліся да бруднага п'янага пасажыра, які не мог растлумачыць, куды і навошта рушыць.

Па выніках праверкі раённы аддзел Следчага камітэта распачаў супраць Ягорава крымінальную справу па факце крадзяжу. Акрамя таго, на яго склалі тры пратаколы за здзяйсненне адміністрацыйных правапарушэнняў - кіраванне аўтамашынай без правоў, у стане ап'янення і здзяйсненне на ёй ДТЗ.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?