Прэзідэнт Балгарыі Росен Плеўняліеў лічыць, што, аднаўляючы ранейшую сферу ўплыву, Крэмль не абмяжуецца тэрыторыяй былога СССР — пад пагрозай і краіны паўднёва-ўсходняй Еўропы.
Пра гэта паведамляе Deutsche Welle.
«Сёння мы бачым агрэсіўную і нацыяналістычную Расію, якая праводзіць палітыку аднаўлення свайго ўплыву», — заявіў ён на прэс-канферэнцыі ў Штутгарце, дзе выступаў з прамовай аб 7-гадовым перыядзе знаходжання Балгарыі ў ЕС. Прычым тэрыторыяй былога СССР Крэмль не абмяжуецца, асцерагаецца кіраўнік балгарскай дзяржавы.
Краіны паўднёва-ўсходняй Еўропы ён разглядае як «самае слабое звяно ў Еўрапейскім Саюзе», якое можа быць дэстабілізавана знутры пры дапамозе «нацыяналістаў, алігархаў, карупцыі, прапаганды і энергетычнай залежнасці».
Крэмль, па словах Плеўнеліева, імкнецца прыцягнуць на свой бок «еўрапейскіх папулістаў, еўраскептыкаў, правых экстрэмістаў, нацыяналістаў і разнастайных еўраненавіснікаў», якія зацікаўленыя ў аслабленні ЕС, і таму гатовыя падтрымаць Пуціна.
Крэмль, адзначыў ён, «выкарыстоўвае алігархаў і іх СМІ, а каналы ўплыву захаваліся з камуністычных часоў», як і сувязі паміж спецслужбамі краін Варшаўскага дагавора.
Што ж тычыцца Украіны, то яе «народ мае сваю дзяржаву і мае права самастойна вызначаць свой лёс». Рашэнне ўкраінскай праблемы ён бачыць у правядзенні свабодных прэзідэнцкіх выбараў.
Кіраўнік балгарскай дзяржавы падзяліў гісторыю сучаснай Еўропы на «да і пасля Крыма».
Балгарыя гатовая падтрымаць так званую «трэцюю прыступку» санкцый у дачыненні да Расіі, нягледзячы на тое, што больш залежыць ад паставак расійскіх энерганосьбітаў. Еўрасаюз павінен быць моцным і дзейнічаць рашуча ў імя захавання сваіх каштоўнасцяў, лічыць прэзідэнт. «Балгарскі ўрад адназначна і паслядоўна падтрымлівае прынятыя ў Бруселі рашэнні, якія тычацца санкцый супраць Расіі. І калі будзе неабходная іх «трэцяя ступень», значыць, яна павінна быць», — сказаў ён.
Пры гэтым Росен Плеўняліеў адназначна выказаўся за далейшае пашырэнне НАТА ў адказ на агрэсіўны курс Масквы.
«Я лічу, — заявіў ён, адказваючы на пытанне DW, — што Паўночнаатлантычны альянс па геапалітычных і стратэгічных меркаваннях павінен у бліжэйшы час, напрыклад, ужо на саміце ў Англіі, у верасні, прыняць у свае шэрагі Чарнагорыю, а таксама паскорыць працэс інтэграцыі ў дачыненні да ўсіх іншых балканскіх краін».