Хакейныя заўзятары з Расіі, у адрозненне ад футбольных, паводзяць сябе ветліва. Аб гэтым заявіў расійскі пасол Аляксандр Сурыкаў журналістам 10 мая пасля цырымоніі адкрыцця ў Мінску Дома балельшчыка зборнай Расіі па хакеі. 

«Ніводнай праявы хуліганства не зафіксавана ні праваахоўнымі органамі Беларусі, ні консульствам», — падкрэсліў ён. 

Сурыкаў таксама адзначыў, што «ёсць шмат рэчаў, якія дэманструюць брацтва Беларусі і Расіі». «Спорт стаіць на адным з першых месцаў. Я не раз'ядноўваю беларускіх і расійскіх заўзятараў. Яны падтрымліваюць і зборную Расіі, і зборную Беларусі», — сказаў ён. 

У сваю чаргу прэзідэнт Федэрацыі хакея Расіі Уладзіслаў Трацяк падкрэсліў, што спорт і палітыку нельга змешваць: «Палітыкі ад гэтага нічога не выйграюць, а спартсмены толькі прайграюць, бо яны рыхтуюцца да спаборніцтваў усё сваё жыццё». 

Ён заявіў, што «сапраўды былі людзі, якія заклікалі да байкоту як Алімпіяды ў Сочы, так і чэмпіянату свету па хакеі ў Беларусі». Але, падкрэсліў ён, Міжнародная федэрацыя хакея сказала, «што хакей у Беларусі павінен быць». 

Адзін з расійскіх заўзятараў, вядомы дрэсіроўшчык Эдгард Запашны, выказаў падзяку беларускім арганізатарам чэмпіянату за «высокі ўзровень бяспекі, спакой і свята ў горадзе». 

Тым часам СМІ са спасылкай на відавочцаў паведамілі, што нецвярозыя расійскія заўзятары 9 мая вывесілі на агароджы пасольства Грузіі ў Беларусі некалькі расійскіх сцягоў. 

Пры гэтым паведамляецца, што супрацоўнікі міліцыі, якія ахоўваюць грузінскую дыпмісію, не перашкаджалі вывешванню сцягоў, праўда, яны не дазволілі расіянам зняць з флагштока грузінскі сцяг.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?