Найбліжэйшымі днямі міжведамасная рабочая група па пытаннях АПК пад кіраўніцтвам прэм'ер-міністра Міхаіла Мясніковіча выкажа свае прапановы па развіцці аграпрамысловага комплексу Беларусі. Аб гэтым кіраўнік урада паведаміў журналістам 10 мая падчас наведвання ў Мінску гасцініцы «Беларусь».
«На наступным тыдні будуць разглядацца падыходы па фарміраванні прагнозу сацыяльна-эканамічнага развіцця і праграмы на наступную пяцігодку, таму мы будзем выносіць даволі смелыя рашэнні па развіцці народна-гаспадарчага комплексу краіны», — сказаў Мясніковіч.
Паводле слоў прэм'ера, найперш прапановы будуць датычыцца аздараўлення грашова-крэдытнай палітыкі. У прыватнасці, меры, якія прапаноўвае рабочая група, дазволяць знізіць стаўкі па крэдытах для сельгасарганізацый. «Ёсць ускосны механізм, гэта не прамая сувязь паміж коштам крэдыту і дэпазіту. Тут дзяржава мае намер удзельнічаць як актыўны, будзем так казаць, гулец на фінансавым рынку», — адзначыў кіраўнік урада.
Падрабязна падрыхтаваныя міжведамаснай рабочай групай праекты нарматыўных прававых актаў па пытаннях развіцця АПК, павышэння дысцыпліны і адказнасці кадраў будуць абмяркоўвацца з 12 па 17 мая ў рэгіёнах з удзелам кіраўнікоў гаспадарак, раёнаў і аблвыканкамаў. Удзел у нарадах возьме ў тым ліку і Міхаіл Мясніковіч.
«Мы будзем яшчэ раз даводзіць патрабаванні ўжо па новай эканамічнай палітыцы аграрнага комплексу, пытанні адказнасці кадраў за невыкананне тэхналогій, арганізаванасці, дысцыпліны, — сказаў кіраўнік урада. — Мы на гэтым затрачваем каля 1,5 млрд. выручкі, таму трэба, безумоўна, берагчы кожную капейку».