Ніводзін беларускі спартовец ня сядзе ў самалёт у Пэкін, на Алімпіяду‑2008, пакуль ня пройдзе пільнага допінг‑кантролю ў Нацыянальнай антыдопінгавай лябараторыі, — заявіў міністар спорту й турызму Аляксандар Грыгараў 5 лістапада на 5‑й справаздачна‑выбарнай канфэрэнцыі Беларускай фэдэрацыі лёгкай атлетыкі.

Аляксандар Грыгараў папярэдзіў спартоўцаў і трэнэраў, што ў Беларусі, як і ва ўсім сьвеце, барацьба з допінгам будзе ўзмацняцца. Паводле слоў міністра, у 2008 годзе Нацыянальная антыдопінгавая лябараторыя атрымае сучаснае высакаякаснае абсталяваньне, з дапамогай якога можна будзе выявіць наяўнасьць у арганізьме спартоўца любыя забароненыя прэпараты.

«І хаця менская лябараторыя яшчэ ня будзе мець афіцыйнай акрэдытацыі антыдопінгавай агенцыі, будуць спыняцца і жорстка карацца любыя спробы ўжываньня допінгу» — засьцярог Аляксандар Грыгараў.

Ён нагадаў, што 19 афіцэраў Рэгіянальнай антыдопінгавай арганізацыі для краін Усходняй Эўропы, штаб‑кватэра якой разьмешчаная ў Менску, будуць актыўна і ў любы час праводзіць тэсты як па‑за спаборніцтвамі, так і пасьля іх.

БЕЛТА

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0