Супрацоўнік галоўнага разведвальнага ўпраўлення Расіі Ігар Гіркін, вядомы пад псеўданімам «Стралкоў», абвясціў сябе Вярхоўным Галоўнакамандуючым і звярнуўся да Расіі па ваенную дапамогу.

Адпаведны тэкст яго «першага ўказа» распаўсюджваюць у выглядзе ўлётак у Славянску і Краматорску.

«Прымаючы пад увагу надзвычайны характар сітуацыі ў краіне, развязаны Кіеўскай хунтай генацыд данецкага насельніцтва і пагрозу інтэрвенцыі з боку НАТА, звяртаюся да Расійскай Федэрацыі з просьбай аб аказанні ДНР ваеннай дапамогі», — сказана ва «ўказе».

Стралкоў таксама вырашыў перападпарадкаваць яму «як вярхоўнаму галоўнакамандуючаму ДНР ўсе ўвесь час дыслакаваныя на тэрыторыі рэспублікі воінскія фарміраванні, органы бяспекі, міліцыі, мытні, памежныя службы, пракуратуры, а таксама іншыя ваенізаваныя структуры».

«Камандзірам з гэтага часу выконваць толькі мае загады і распараджэнні», — загадаў Стралкоў.

Акрамя таго, ён адкрыта абвясціў вайну украінскім сілавікам. «Увесці на тэрыторыі ДНР рэжым контртэрарыстычнай аперацыі». У Расіі менавіта так называюцца падобныя аперацыі.

«У рамках КТО ўсе баевікі ўкраінскіх неанацысцкіх груповак (т. зв. «Нацыянальная гвардыя», Правы Сектар, «батальён Ляшко» і інш.) падлягаюць затрыманню, а ў выпадку ўзброенага супраціву — знішчаюцца на месцы», — упэўнены Стралкоў.

«Праваахоўным органам рэспублікі забяспечыць крымінальны пераслед верхаводаў Кіеўскай хунты і іншых асоб, якія маюць дачыненне да падбухторвання, арганізацыі і здзяйснення масавых забойстваў на тэрыторыі ДНР: І. Каламойскага, П. Налівайчанкі, А. Парубія, А. Авакава, Ю. Цімашэнкі, А. Турчынава, А. Яцанюка, А. Ляшко, А. Арцёменкі а таксама грамадзян ЗША Дж. Брэнана, В. Нуланд, Дж. Псакі».

Ён таксама адзначыў, што «усе салдаты і афіцэры узброеных сіл, унутраных войскаў, СБУ, МУС і іншых ваенізаваных структур Украіны з гэтага моманту лічацца незаконна прысутнымі на тэрыторыі ДНР».

Стралкоў патрабуе, каб на працягу 48 гадзін яны прысягнулі на вернасць ДНР альбо пакінулі яе тэрыторыю.

«Усім, хто перайшоў пад камандаванне уладаў ДНР, гарантуецца захаванне воінскіх і спецыяльных званняў, грашовага забеспячэння і сацыяльных гарантый (пры ўмове недатычнасці да здзяйснення цяжкіх і асабліва цяжкіх злачынстваў)», — абяцае расійскі дыверсант.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?